Карані беларускай палітыкі. Віталь Рымашэўскі

Карэспандэнты Тэлеграфа працягваюць рубрыку "Карані беларускай палітыкі", у рамках якой мы вырашылі распытаць беларускіх палітычных дзеячаў аб іх паходжанні, дзяцінстве, палітычным досведзе, каб неяк зразумець, чаму яны займаюцца тым, чым займаюцца. Наступным "выкапнем" рубрыкі стаў сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя", кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года Віталь Рымашэўскі.

Рымашэўскі: мае карані там, дзе цячэ "Стары Ольса"
 
"Я нарадзіўся ў Бабруйску ў 1975 годзе, але сваё дзяцінства я больш асацыюю з вёскай Пацава Слабада, што каля Кіраўска на Бабруйшчыне — за 30 кіламетраў ад Бабруйска. Там жыла мая бабуля па маці. Я праводзіў там вакацыі, увесь свой вольны час.
 
Вадзім Кабанчук, адзін з першых палітвязняў, таксама з тых мясцін (яго вёска Сяргеевічы за дзесяць кіламетраў ад маёй), як і Сяржук Чыслаў, заснавальнік "Белага легіёну". Яго дзед і баба жывуць у суседняй вёсцы — Казулічы, што за пяць кіламетраў. Там недалёка працякае рака Ольса, а ля маёй вёскі — Ала. Я так падазраю, што лідар гурта "Стары Ольса" назваў яго ў гонар гэтай рэчкі, бо, напэўна, адтуль таксама хтосьці родам. Вельмі добра ахарактарызаваў тыя мясціны паэт Мікола Аўрамчык:
 
Мая Бабруйшчына зялёная,
здаешся іншым ты малой
з тваёй Бярэзінай хвалёнаю
і з непрыкметнаю Алой".
 
Рымашэўскі: мой род паходзіць з 16 стагоддзя
 
"Мой тата — звычайны будаўнік, працуе брыгадзірам. Ён ужо на пенсіі, але працуе дагэтуль. Быў трубаўкладчыкам, працаваў на бульдозеры. А маці мая — інжэнер на транспарце. Усё жыццё яна працавала на транспартным аўтакамбінаце, які займаўся грузаперавозкамі.
 
Бацька родам сам з Глушчыны, з вёскі Бярозаўка. Там дагэтуль жывуць мае стрыечныя браты Рымашэўскія. А мой дзед з бабуляй з вёскі Амур, якая таксама недалёка ад Глуска. Невядома адкуль яе назва паходзіць. Вёска зусім невялікая. Дзед з бабай памерлі рана: дзед — да майго нараджэння, бабуля — калі мне было пяць год, таму я бываў мала ў гэтых мясцінах.
 
Карані беларускай палітыкі. Віталь Рымашэўскі
 
Герб Побуг, якім карысталіся Рымашэўскія
 
Пра сваіх продкаў я няшмат ведаю. Думаю, што з боку маці продкі, Комары, былі простымі сялянамі. Род жа бацькі быў шляхецкім. Прадзед мой быў ляснічым, меў сваю маёмасць. Бабуля мая, татава маці, з роду Захарынскіх, якія былі не толькі шляхтай, але мелі і дваранскі тытул у Расійскай імперыі. Мае цёткі казалі, што спалілі дваранскія граматы толькі ў 1960-я-1970-я гады за Савецкім Саюзам, бо перадаваць іх і казаць пра іх было небяспечна. Дарэчы, з Захарынскіх мой сваяк — беларускі мастак Вячаслаў Захарынскі, які, магчыма, цяпер ужо не так вядомы, але раней ён у Менску пісаў карціны, выстаўляўся ў Польшчы.
 
Адзін з даследчыкаў-аматараў казаў, што род Рымашэўскіх паходзіць з Лідчыны, з вёскі Рымашаны, і вядомы з 15-га ці 16-га стагоддзя ў метрыках Вялікага княства Літоўскага. Прозвішча Рымашэўскі менавіта з Лідчыны і пайшло, а потым распаўсюдзілася па тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай на ўсход, і на захад, і на поўдзень, і на поўнач. Цікава, што, калі я працавў у Бранску, пачуўшы маё прозвішча, мясцовыя, якія, дарэчы, не асацыююць сябе з рускімі, сказалі, што вы, напэўна, з нашых мясцін, з Браншчыны. А я сказаў, не, я з Беларусі.
 
Ёсць шмат розных гісторый, напаўлегенд, звязаных са шлюбамі, якімі браліся Рымашэўскія. Яны амаль заўсёды былі няроўныя, таму сем'і былі часта супраць. Так, сям'я была супраць шлюбу маёй бабулі з дзедам: род майго дзед хоць і быў шляхецкія, але ўжо збяднелым, Захарынскія ж былі дваранамі. Таму яны не вельмі камунікавалі з іншымі сваякамі. Кажуць, што мой прадзед таксама пабраўся няроўным шлюбам, але ўжо наадварот — з больш беднай дзяўчынай. Таксама ўсе сваякі былі супраць і яму давялося мець мала стасункаў з імі".
 
Рымашэўскі: мой дзед быў партызанам
 
"Ці закранулі маіх продкаў бальшавіцкія рэпрэсіі я сказаць не магу, таму што мае дзяды памерлі рана яшчэ ў час Савецкага Саюза, калі пра гэта казаць было нельга. Але, прынамсі, маіх блізкіх сваякоў рэпрэсіі не закранулі, бо яны не былі на той час надта заможнымі.
 
У вайну мой дзед, бацькаў тата, быў у партызанах, меў узнагароды. Глушчына была партызанскім краем: людзі вымушаны былі ісці ў партызаны, бо немцы рабілі блакады. Мой дзядзька, старэйшы татаў брат, які нарадзіўся да вайны, распавядаў, як ён з іншымі хлопцамі некалькі сутак хаваўся ў балоце, трымаючыся за бярвенне, а немцы абстрэльвалі ўсё, што было навокал".
 
Рымашэўскі: любоўю да беларускасці я абавязаны рускай настаўніцы
 
"Я з дзяцінства, колькі сябе памятаю, быў лідарам, нават у дзіцячым садку. Я быў лідарам сярод сваіх сяброў, піянерскага атраду. Таксама я заўсёды цікавіўся палітыкай. У Савецкім Саюзе ідэалагічная і палітычная праца была пастаўлена з першага класу, з дзецьмі заўсёды праводзілі агітацыю. І мне заўсёды палітінфармацыя была цікавая. Яна часам сумна праводзілася, але ўсе палітычныя падзеі мяне цікавілі. Я думаю, што пры любых раскладах займаўся бы палітыкай, былі б нейкія палітычныя зрухі, перабудова ці не, бо мне заўсёды была цікавая і гісторыя, і палітыка.
 
Ну і таксама мой палітычны шлях абумовіла тое, што з дзяцінства — часткова гэта залежала ад выхавання бацькоў, часткова ад прыродных рысаў — я заўсёды цікавіўся пошукамі праўды, справядлівасці і стараўся яе адстойваць, не баючыся ісці на канфлікт. Калі, напрыклад, нават цэлы клас выступаў супраць, я бараніў тое, што лічыў патрэбным.
 
Потым пачалася перабудова. Беларускай мовай сваёй і любоўю да нацыянальнай культуры я абавязаны сваёй настаўніцы — Новік Любові Кірылаўне, якая прыйшла да нас у дзевятым класе. Яна казала: "Я па пашпарце руская, але я люблю і паважаю гэту культуру, мову". Яна казала, што беларуская мова адна з лепшых, наймілагучнейшых у свеце разам з італьянскай. Яна прышчапіла, думаю, любоў усяму класу да беларускай культуры, беларускай мовы. Паралельна тады была перабудова і адкрывалася праўда пра нашу гісторыю. І гэта праўда гістарычная мяне закранала, абурала і, канечне, яна сфармавала мае палітычныя погляды і нацыянальныя перакананні.
 
Калі пачалася перабудова ў газетах адны выступалі за нацыянальнае адраджэнне, незалежнасць, казалі , што нам хлусілі ўвесь гэты час, іншыя казалі, што не, нам трэба Савецкі Саюз. І я выбіраў паміж тымі і тымі, хто з іх меў рацыю. Памятаю, яшчэ сваю спрэчку з татам на кухні. Ён казаў, што ўсе хлусяць, і невядома, хто кажа праўду. А я казаў, што, калі з тымі, хто выступае за незалежнасць, ёсць такія людзі як Васіль Быкаў і іншыя вядомыя пісьменнікі, дык і я буду там".
 
Рымашэўскі: на выбарах 1994 году я прагаласаваў двойчы
 
"З такімі нацыянальнымі перакананнямі я ў 1992 годзе і прыехаў у Менск, дзе паступіў у політэхнічную акадэмію (цяпер БНТУ — Тэлеграф). Людзі ў палітэху былі далёкімі ад палітыкі, нацыянальных ідэяў, і я там быў белай варонай. Былі, канечне, і нешматлікія людзі маіх поглядаў, але ў асноўным усе былі індыферэнтныя. Я памятаю выбары ў парламент, калі па маёй акрузе балатаваўся Клімаў (палітык і бізнэсовец Андрэй Клімаў — Тэлеграф). І ён прывозіў у вялікую залу палітэху Паплаўскую (спявачку Ядвігу Паплаўскую — Тэлеграф), тэатр гумар "Хрыстафор", які расказваў здзеклівыя анекдоты з "Беларускага народнага фронту", бо па гэтай жа акрузе канкурэнтам Клімава ішоў прадстаўнік БНФ. І я быў хіба адзіны з аўдыторыі, хто іх абсвістваў, калі гэтыя анекдоты гучалі.
 
У 1994 годзе на прэзідэнцкіх выбарах я прагаласаваў двойчы. Я разам са сваёй маці пайшоў у Бабруйску на выбарчы ўчастак і паставіў за яе голас за Зянона Пазьняка, а яна ўкінула гэты бюлетэнь. Так што, можна сказаць, што свой унёсак у палітыку я зрабіў ужо тады".
 
Рымашэўскі: мяне хацеў вызваляць Вячорка
 
Карані беларускай палітыкі. Віталь Рымашэўскі
Віталь Рымашэўскі падчас мітынгу апазіцыі 19 снежня 2010 года
 
"Я хадзіў на мітынгі час ад часу, але яны былі нешматлюдныя. Першы вялікі мітынг, на які я пайшоў, быў мітынг 25 сакавіка 1996 году. Тады непасрэдна пачаўся мой палітычны шлях. Я пайшоў разам з хлопцам, які жыў са мной у пакоі, і яго сястрой. З сабой мы ўзялі сцяг, што вісеў у нашым пакоі. Людзей заклікалі збірацца на плошчы Незалежнасці, але мітынг быў недазволены і міліцыя забараняла там збірацца. Мітынг дазволілі каля Тэатру Оперы і Балету перад помнікам Максіму Багдановічу.
 
Тым не менш на мітынг на плошчы Незалежнасці збіралася шмат людзей. У мегафон крычалі, што збор не дазволены. Хтосьці крычаў "брэшаце!". І я таксама крыкнуў: "Сабакі брэшуць!". Так атрымалася, што я гэта крыкнуў проста ў вуха намесніку РАУС Маскоўскага раёну Менска, які быў ля мяне і якога я не бачыў. З крыкамі "Я тебе покажу, кто тут собака!" ён схапіў мяне за грудкі. Мяне сталі адбіваць людзі, і, у прынцыпе, адбілі б, калі б ягоныя падначаленыя не падбеглі. Праз усю плошчу мяне павялі ў "козлік" і адвезлі ў пастарунак, дзе пасадзілі ў "акварыюм".
 
Гэта было незабыўнае ўражанне, таму што я не ведаў, колькі там прасяджу гадоў, гадзін. Праз гадзінку якую мяне адпусцілі, не сталі складаць пратакол, а толькі выпісалі папярэджанне і нават сцяг вярнулі. Але, як толькі я падышоў да прахадной, мяне паклікалі назад, забралі гэтую паперку з папярэджаннем, парвалі яе і далі іншую, сказаўшы, каб прыйшоў назаўтра ў суд.
 
Высветлілася, што мой сябар дайшоў да мітынгу ля помніка Максіму Багдановічу і сказаў арганізатарам, што затрымалі хлопца са сцягам. І Вячорка (на той момант намеснік старшыні БНФ Вінцук Вячорка — Тэлеграф) ў мегафон сказаў, што, калі зараз не выпусціце Віталя Рымашэўскага, мы пойдзем да Маскоўскага РАУС. Міліцыянты пачулі гэта і патэлефанавалі туды. Калі б не гэтыя словы, мяне б, пэўна, адпусцілі.
 
На наступны дзень быў суд. Маладая суддзя зачытала з пратаколу, што я "называл работников милиции собаками и свиньями". Дзяўчына здзіўлена запытала ў мяне: "Вы што п'яныя былі?". "Не, я быў цвярозы і свіннямі іх не называў", адказаў я. Суддзя паставілася да мяне нармальна, дала толькі папярэджанне".
 
Рымашэўскі: я вырашыў, што ніколі больш не пайду на мітынг
 
Карані беларускай палітыкі. Віталь Рымашэўскі
Віталь Рымашэўскі падчас мітынгу 24 лістапада 2010 года
 
"Усё гэта адбывалася на чацвёртым курсе. І я вырашыў, што ніколі больш не пайду на мітынг, бо ў нас была скарочаная праграма і ўжо ўзімку я павінен быў выпускацца. Хто вучыўся ў палітэхе, ведае наколькі гэта складана давучыцца да чацвёртага курсу, а я давучыўся, ужо ў прынцыпе меў дыплом. Але 24 красавіка да нас зайшла камендантка. Я адразу зразумеў, што нешта здарылася, бо яна ў першы раз без крыкаў зайшла ў наш пакой. Рукамі, якія трэсліся, яна перадала мне позву ў пракуратуру, каб я з'явіўся туды праз некалькі дзён пасля Чарнобыльскага шляху.
 
Я зразумеў, што цяпер не пайсці на Чарнобыльскі шлях я проста не магу, бо гэтай позвай яны мяне прымушалі туды не ісці. Пасля я даведаўся, што такім чынам запужвалі многіх з тых, каго затрымалі раней. Для мяне не пайсці — гэта значыць прызнаць, што ты падпарадкаваўся ім.
 
І вось я пайшоў на Чарнобыльскі шлях і там запісаўся ў рух "Беларускі народны фронт". Пасля я ўступіў у "Малады Фронт", быў намеснікам старшыні і кіраўніком Рады арганізацыі. З гэтага моманту мая палітычная дзейнасць не перапынялася.
 
А ў пракуратуру мяне ўсё-такі выклікалі. На Вінцука Вячорку хацелі завесці крымінальную справу за тое, што ён хацеў штурмам узяць РАУС, у якім я сядзеў. На судзе я выступаў у абарону Вячоркі і распавёў усё, як было.
 
Дарэчы, тое, што я займаўся палітыкай, мне дапамагала ў навучанні, бо ў політэхнічнай акадэміі на будаўнічай спецыяльнасці ў нас былі самыя лепшыя выкладчыкі і спецыялісты ў Беларусі, якія, безумоўна, не падтрымлівалі Лукашэнку. Я памятаю, як здаваў курсавую па драўляных канструкцыях, якую цяжка з першага разу здаць. Выкладчык паглядзеў яе,знайшоў некалькі памылак, а пасля дастаў газету "Свабода"і запытаў: "А вы знаете, что ваша фамилия здесь есть?" Я сказаў, што ведаю, падумаўшы між тым, што зараз пачнуцца праблемы. А ён узяў маю залікоўку і паставіў з першага разу "чатыры". І так яшчэ некалькі разоў было.
 
На момант майго прыходу ў палітыку я быў атэістам, але так сталася, што праз год я прыйшоў да веры. Ад таго часу я звязваю сваю дзейнасць з магчымасцю рэалізацыі хрысціянскіх каштоўнасцяў у палітыцы. З гэтай прычыны я далучаўся да ўсіх ініцыятыў па стварэнні хрысціянска-дэмакратычнай партыі. Так, я быў намеснікам кіраўніка "Моладзевага хрысціянскага сацыяльнага саюзу" (МХСС), таксама ўдзельнічаў у спробе Грушавога (Генадзя Грушавога — Тэлеграф) стварыць хрысціянскую дэмакратычную партыю, якая, на жаль, не ўдалася. Паколькі хрысціянскіх партый у Беларусі не было, то я стаў сябрам Аб'яднанай грамадзянскай партыі, да моладзевага крыла якой далучыўся МХСС. Тым не менш, я не пакідаў надзеі на тое, што хрысціянскі дэмакратычны рух паўстане. Затым узнік аргкамітэт, я далучыўся да яго дзейнасці і ў выніку стаў сустаршынёй "Беларускай хрысціянскай дэмакратыі", а з цягам часу і кандыдатам у прэзідэнты".
 
Рымашэўскі: многія мае рысы змякчае жонка
 
Карані беларускай палітыкі. Віталь Рымашэўскі
Віталь Рымашэўскі з жонкай Настай і дачкой Евай
 
"Я вельмі задаволены, мякка кажучы, сваёй сям'ёй, паколькі нельга пераацаніць ролю маёй жонкі Насты ў маім палітычным жыцці. Яна вельмі добрая жонка, і шмат з таго, што ёсць добрае ва мне, — гэта яе заслуга. Яна змякчае многія мае рысы, аказвае падтрымку. Можна сказаць, што наш шлюб па-сапраўднаму хрысціянскі дзякуючы ў першую чаргу Насце, таму што яна мужна і годна вытрымлівае ўсе выпрабаванні. Характар у мяне нястрыманы, а ў палітычных адносінах часта даводзіцца стрымлівацца, паводзіць сябе дыпламатычна, карэктна. Але эмоцыі, якія я адчуваю, перажываю, адбіваюца на маіх блізкіх, яны хвалююцца за мяне. Канечне, гэта няпроста.
 
Апошнія паўтара гады я думаю, што мала ўдзяляў часу і ўвагі сям'і у сілу тых прычын, што працы было вельмі шмат, нават больш, чым можна сабе ўявіць. Наста гэта разумее цалкам і падтрымлівае мяне ва ўсім. Ну і дачка Ева будзе гэта разумець. Прынамсі, мы з ёй зараз размаўляем на адной мове.
 
Для мяне ў жыцці было і ёсць самым галоўным пошук праўды, сэнсу жыцця. І гэты пошук спрычыніўся да майго прыходу да веры. Ён таксама быў маёй галоўнай матывацыяй у палітычным жыцці. 90-я гады — гэта рамантычныя гады, калі мы хутчэй не займаліся палітыкай, а адстойвалі права на свабоду і справядлівасць. Хацелася б, каб гэтае пакліканне захавалі многія актывісты. Ёсць адзін такі святы, здаецца, каталіцкі, які казаў, што, калі ты будзеш шукаць Бога, ты наўрадці Яго сустрэнеш, а калі ты будзеш шукаць праўду, магчыма, ты Яго спаткаеш. Не трэба пра гэта забывацца тым, хто абірае палітыку справай свайго жыцця. Я думаю, у гэтым выпадку мы будзем мець поспех, а Беларусь — шанец на лепшую будучыню".
 
Гутарыў Максім Гацак

Как вам новость?