"Беллакт" абвінавацілі ў рэйдарскім захопе заводу на Гарадзеншчыне

26.05.2010 15:03
Архив Редакция

ААТ "Беллакт" распачало спробу рэйдарскага захопу ААТ "Дзятлаўскі сырны завод", які працуе ў Гарадзенскай вобласці і пастаўляе прадукцыю акрамя Беларусі ў Расію і Казахстан. Пра гэта заявілі старшыня наглядальнага савета ААТ "Дзятлаўскі сырны завод" Ганна Грынцэвіч і дырэктар заводу Аляксандр Дубовік.

Як распавялі кіраўнікі заводу, дадзеная акцыя вядзецца шляхам неаб’ектыўнага інфармавання акцыянераў. «Ім рознымі спосабамі прапануецца прадаць, перадаць у давернае карыстанне свае акцыі, праўда, па кошце прынамсі ў 10 раз менш іх фактычнага кошту. Падобная схема добра вядомая ў Расійскай Федэрацыі, але ў Беларусі яна выкарыстоўваецца ўпершыню. Мэта відавочная — за бесцань атрымаць кантроль над прадпрыемствам, кошт якога мільярды», — гаворыцца ў заяве Ганны Грынцэвіч і Аляксандра Дубовіка.
Кіраўніцтва прадпрыемства нагадала, што толькі за апошнія два гады ў мадэрнізацыю заводу было ўкладзена 15 млрд. рублёў, а брэнд «Сырная краіна» шырока вядомы ў СНД.
Спробы рэйдарскага захопу на заводзе звязваюць з тым, што ён меў пэўныя цяжкасці ў 2008-2009 гадах, аднак яму ўдалося выстаяць у крызіснай сітуацыі і ўжо ў 2009 годзе пачаўся рост вытворчасці і зафіксаваны высокія тэмпы росту экспарту. 
«Чаму менавіта цяпер «добразычліўцы» з ААТ «Беллакт» выявілі клопат пра  лёс ААТ «Дзятлаўскі сырны завод», дабрабыт яго працоўнага калектыву і акцыянераў таварыства? Магчыма, таму, што не дачакаліся краху прадпрыемства, каб атрымаць лёгкую здабычу? Гаспадары «Беллакта» зацікаўлены ў нестабільнай працы дзятлаўскага прадпрыемства і, у першую чаргу, захопе яго сыравіннай зоны», — падкрэсліваецца ў заяве Ганны Грынцэвіч і Аляксандра Дубовіка.
«Ні для каго не сакрэт, што «Беллакт» — адзінае на Гарадзеншчыне прадпрыемства, якое пастаўляе ў Расійскую Федэрацыю не толькі гатовую прадукцыю, але і тысячы тон сырога цэльнага малака. Малака, якога востра бракуе расійскім перапрацоўшчыкам, і якія маюць прамы ўплыў на кіраўніцтва ААТ «Беллакт», — адзначылі кіраўнікі Дзятлаўскага заводу.
«Канчатковая мэта, якую пераследуе кіраўніцтва «Беллакта», — гэта капіталізацыя ўласнага прадпрыемства за кошт ААТ «Дзятлаўскі сырны завод» і «Слонімскія малочныя прадукты» з наступным пераходам ААТ «Беллакт» пад кантроль замежнага капіталу», — упэўнена Ганна Грынцэвіч і Аляксандр Дубовік.
«Дзятлаўскі сырны завод»: «Беллакт» працуе па рэйдарскіх схемах блізкага замежжа
На думку кіраўнікоў «Дзятлаўскага сырнага заводу»,  «за прыгожымі, але негарантаванымі абяцаннямі кіраўнікоў ААТ «Беллакт» павялічыць эфектыўнасць працы дзятлаўскага заводу пасля ажыццяўлення над ім кантролю праглядаецца элементарнае жаданне атрымаць хуткую выгаду для новых гаспадароў».
«З досведу «аздараўлення» прадпрыемстваў блізкага замежжа пасля іх рэйдарскага захопу вядома, што пачынаецца такое «аздараўленне», як правіла, адсячэннем вытворчых участкаў і скарачэннем працоўных месцаў… Мэта атрымання максімальнага прыбытку для чужога ўласніка прама супярэчыць сацыяльным выдаткам», — гаворыцца ў заяве. 
Ганна Грынцэвіч і Аляксандр Дубовік заклікаў акцыянераў «Дзятлаўскага сырнага заводу» не паддавацца на ўгаворы прадаць ці перадаць у давернае карыстанне свае акцыі і заставацца паўнапраўнымі гаспадарамі свайго заводу.
Шапіра: усякі несанкцыянаваны продаж уласнасці на Гарадзеншчыне неадкладна прыпынены
У сваю чаргу, новы губернатар Гарадзенскай вобласці Сямён Шапіра заявіў, што ўсе спробы рэйдарскага захопу прадпрыемстваў рэгіёна выключаны. «У Гарадзенскай вобласці неадкладна спынены ўсякі  несанкцыянаваны продаж уласнасці. Як сказаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, не мы стваралі ў краіне ўласнасць, не нам яе і дзяліць», — цытуе кіраўніка Гарадзенскага аблвыканкама «Гродненская правда».
«Усё належыць людзям, пэўным калектывам, якія маюць права ведаць, каму, па якім кошце, з якой мэтай прадаецца ці будзе прадавацца той ці іншы аб’ект нерухомасці, прадпрыемства ці пакет акцый. Людзі маюць права ведаць рэальны кошт пытання і ні пры якіх акалічнасцях не павінны пачувацца ашуканымі», — падкрэсліў Сямён Шапіра.  

Как вам новость?
Головоломки