Міжнародная праваабарончая арганізацыя Freedom House 1 чэрвеня на 17-й сэсіі Рады ААН па правах чалавека апублікавала штогадовую справаздачу аб краінах, дзе мацней за ўсё парушаюцца правы чалавека. У спіс "рэпрэсіўных грамадстваў свету" трапіла і Беларусь. Да апошняй ступені негатыўнай ацэнкі ў рэйтынгу Freedom House Беларусь "не дацягнула" толькі аднаго пункта.
Пры складанні рэйтынгу «самых рэпрэсіўных краін свету» эксперты арганізацыі ацэньваюць па шкале ад аднаго да сямі ўзровень палітычных і грамадзянскіх свабодаў у краіне. «Сямёркі» ў рэйтынгу Freedom House па абодвум катэгорыях атрымалі дзесяць краін: Бірма, Лівія, Паўночная Карэя, Самалі, Судан, Тыбет, Туркменістан, Узбекістан, Экватарыяльная Гвінея і Эрытрэя.
Беларусь жа ўвайшла ў другую дзясятку краін, дзе, на думку міжнародных праваабаронцаў, сітуацыя з палітычнымі свабодамі знаходзіцца на такім жа ўзроўні, як і ў «самых рэпрэсіўных краінах свету», а сітуацыя з грамадзянскімі свабодамі трохі лепш — ацэненая на «шасцёрку». У гэты спіс акрамя Беларусі таксама ўвайшлі Заходняя Сахара (Марока), Кітай, Кот д’Івуар, Куба, Лаос, Саудаўская Аравія, Сірыя, Чад і Паўднёвая Асетыя (Расія).
Па словах прадстаўніка Freedom House Пола Шрыфэра, жыхары гэтых краін не могуць карыстацца фундаментальнымі грамадзянскімі правамі, а «поўная адсутнасць палітычнай прасторы для рэформаў у гэтых краінах дазволіла недэмакратычным рэжымам захоўвацца з года ў год».
Як перадаваў Тэлеграф, раней Freedom House уключыла Беларусь у дзясятку краін свету з найгоршым станам свабоды прэсы. Паводле штогадовай справаздачы гэтай арганізацыі, рэйтынг краін па ўзроўні свабоды прэсы, які складаецца з 196 краін, замыкаюць Беларусь, Бірма, Іран, Куба, Лібія, Паўночная Карэя, Туркменістан, Узбекістан, Экватарыяльная Гвінея і Эрытрэя.