У пасольстве Расіі не могуць даць лагічнага тлумачэння інцыдэнту на тэрыторыі дыпламатычнага прадстаўніцтва. Пра гэта заявіў дарадца амбасады Расіі ў Беларусі па працы са СМІ Вадзім Гусеў. У пасольстве не выключаюць, што інцыдэнт мог пераследваць мэту дэстабілізацыі працы пасольства і пагаршэння беларуска-расійскіх адносінаў.
Вадзім Гусеў не стаў каментаваць думкі асобных палітолагаў аб магчымай датычнасці да інцыдэнту расійскіх спецслужбаў. «Цяпер рознага роду палітолагі будуць гадаць наконт таго, каму выгадны інцыдэнт», — адзначыў прадстаўнік амбасады, падкрэсліўшы, што пакуль ніхто не ўзяў адказнасці за тое, што здарылася.
Як распавёў дарадца пасольства, дыпламатычнае прадстаўніцтва працуе ў звычайным рэжыме, аднак ахову амбасады вырашана было ўзмацніць, перадае БелаПАН.
Жырыноўскі: Інцыдэнт ля амбасады — пачатак перадвыбарчай кампаніі
У той жа час намеснік старшыні Дзяржаўнай думы Расіі, лідар Ліберальна-дэмакратычнай партыі Уладзімір Жырыноўскі лічыць дадзенае здарэнне пачаткам перадвыбарчай кампаніі прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.
На думку палітыка, калі і не сам беларускі лідар запраграмаваў гэты інцыдэнт, то дакладна хто-небудзь з ягонага штабу. «Яны вырашылі да ўпора абвастрыць адносіны з Расіяй, і вось на гэтым фоне прыцягнуць на бок Лукашэнкі патрыётаў Беларусі», — лічыць Уладзімір Жырыноўскі.
«Адзіная Расія»: беларускія спецслужбы ведалі аб рыхтаванай акцыі
У сваю чаргу кіраўнік палітычнага дэпартаменту партыі «Адзіная Расія» Аляксей Чадаеў лічыць, што спецслужбы Беларусі ведалі пра акцыю, якая рыхтуецца супраць расійскай амбасады.
«У прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі пяць ці шэсць розных спецыяльных кантор, якія займаюцца зборам інфармацыі. Уявіць, што нейкія сілы планавалі такую сур’ёзную акцыю і ніхто аб гэтым не ведаў, — гэта смешна», — заявіў Аляксей Чадаеў.
«Можна меркаваць, што спецслужбы Беларусі валодалі інфармацыяй па рыхтаванай акцыі. І той факт, што сілы правапарадку не прадухілілі гэты інцыдэнт каля расійскай амбасады, кажа пра тое, што гэта — сігнал для кіраўніцтва Расіі і для ўсіх нас. Сігнал, які трэба прыняць да ведама», — дадаў расійскі палітык.
Лябедзька: інцыдэнт быў спланаванай правакацыяй спецслужбаў
Такога ж меркавання прытрымліваецца лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Беларускі палітык лічыць, што дадзенае здарэнне падобна не на хуліганскую выхадку падлеткаў, якім няма чым заняцца, а на спланаваную правакацыю. А «сляды бутэлькакідальнікаў, па словах Анатоля Лябедзькі, варта шукаць у сілавых структурах або арганізацыях кіраваных імі», перадае сайт АГП.
На думку беларускага палітыка, «уладам цяпер выгадна зрушыць акцэнты ў зацягнутым супрацьстаянні Крамля і Чырвонага дома». Акрамя таго, па словах лідара АГП, дадзены інцыдэнт можна разглядаць як «пасланне грамадскай думцы Расіі, маўляў, глядзіце да чаго давялі сітуацыю Пуцін-Мядзведзеў, што беларусы пайшлі штурмаваць амбасаду».
Як ужо паведамляў Тэлеграф, увечары 30 жніўня невядомыя кінулі на тэрыторыю расійскай амбасады ў Мінску 2 бутэлькі з запальнай сумессю. У выніку інцыдэнту ніхто не пацярпеў. Адна бутэлька трапіла ў прыпаркаваны на тэрыторыі пасольства аўтамабіль. Ахова амбасады справілася з пажарам самастойна.
Па факце здарэння ўзбуджана крымінальная справа па артыкуле «хуліганства». Пасля інцыдэнту МЗС РФ назваў тое, што здарылася абуральным актам, і заклікаў беларускія ўлады не дапускаць паўтарэння падобных акцыяў у будучыні.