БНФ стварыў ініцыятыўную групу па правядзенні рэферэндуму супраць пошлін на аўтамабілі

01.03.2010 12:18
Архив Редакция

Партыя БНФ стварыла ініцыятыўную групу па правядзенні рэферэндуму супраць падвышэння пошлін на аўтамабілі. Удзельнікі збору фармальна прагаласавалі за стварэнне ініцыятыўнай групы, а таксама абралі яе кіраўніка, якім стаў намеснік старшыні партыі БНФ Ігар Лялькоў, паведамілі ў прэс-службе БНФ.

Першы сход групы адбыўся 28 лютага, удзел у паседжанні прынялі 116 зарэгістраваных члены ініцыятыўнай групы з усіх абласцей Беларусі і Мінска. З вітальнай прамовай перад удзельнікамі ініцыятыўнай групы выступілі старшыня БНФ Аляксей Янукевіч, лідэр Руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч, лідэр руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык, каардынатар ініцыятывы «За аўто» Арцём Шаркоў, перадае прэс-служба партыі БНФ.

Таксама ўдзельнікі падчас сходу вызначылі каардынатараў групы па рэгіёнах і зацвердзілі пытанне, якое будзе вынесена на рэферэндум: «Ці падтрымліваеце вы захаванне памеру пошлін на ўвоз у Беларусь легкавых аўтамабіляў замежнай вытворчасці на ўзроўні 26 лістапада 2009 году?»

 

Пасля сходу члены ініцыятыўнай групы павінны будуць натарыяльна запэўніць сваю згоду на ўдзел у яе працы. Ініцыятарам таксама будзе неабходна зарэгістраваць у Цэнтравыбаркаме ініцыятыўную групу не меней як са 100 чалавек, а потым сабраць не меней за 450 тыс. подпісаў у падтрымку правядзення рэферэндуму, пры гэтым не меней за 30 тыс. ад кожнай вобласці Беларусі і Мінска. Арганізатары таксама запрасілі людзей далучацца да ініцыятыўнай групы праз зварот у офіс партыі БНФ.

 

Як раней паведамляў Тэлеграф, прадстаўнікі партыі БНФ мяркуюць, што дамова пра стварэнне Мытнага саюза, падпісаная 27 лістапада ў Мінску кіраўнікамі Беларусі, Казахстана і Расіі, «ігнаруе інтарэсы значнай часткі грамадзян Беларусі, для якіх уступленне ў моц падпісаных дакументаў пацягне пагаршэнне асабістага матэрыяльнага дабрабыту ў сувязі са значным падвышэннем мытных тарыфаў і, адпаведна, коштаў на важныя катэгорыі тавараў, у прыватнасці на легкавыя аўтамабілі».

 

Апазіцыянеры таксама ўпэўнены, што стварэнне Мытнага саюза ігнаруе інтарэсы беларускага малога і сярэдняга бізнэсу.

Как вам новость?
Головоломки