Рост заробкаў у Беларусі ў 2011 годзе плануецца на ўзроўні 8-12%

30.07.2010 12:07
Архив Редакция

Праект указу аб зацвярджэнні найважнейшых параметраў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця рэспублікі на 2011 год прадугледжвае тэмп росту ВУП Беларусі на ўзроўні 108-109%. Пра гэта паведаміў намеснік старшыні пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па бюджэце, фінансах і падатковай палітыцы Генадзь Дзямідчык.

Акрамя таго, паводле дакументу, тэмп росту рэальнай заработнай платы плануецца забяспечыць на ўзроўні 108,3-112,3% у параўнанні з 2010 годам, а інвестыцыяў у асноўны капітал — 116-117%. Аднак, гэтыя паказчыкі пакуль не зацверджаны, у цяперашні час ідзе іх абмеркаванне ва ўрадзе, праінфармаваў дэпутат.

Таксама цяпер урад абмяркоўвае праект бюджэту краіны на 2011 год. Па словах Генадзя Дзямідчыка, абмеркаванне набліжаецца да завяршэння і на наступным тыдні дакумент можа быць унесены ў Палату прадстаўнікоў. Разам з праектам дзяржбюджэту на разгляд павінны быць унесеныя законапраекты аб папраўках у падатковы і бюджэтны кодэксы, а таксама аб бюджэце дзяржаўнага пазабюджэтнага Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, перадае БелТА.

Па словах Генадзя Дзямідчыка, у праекце бюджэту на 2011 год захавана сацыяльная накіраванасць: плануецца значна павялічыць ўсе выдаткі на сацыяльныя праграмы, а таксама заработную плату асобным катэгорыям працаўнікоў сацыяльнай сферы, у прыватнасці, педагогам, медыкам, выхавальнікам дзіцячых дашкольных установаў.

Акрамя таго, запланавана істотнае павелічэнне бюджэтных выдаткаў на навуковыя даследаванні. «У Беларусі не так даўно створана сетка навукова-практычных цэнтраў пры НАН, якія вядуць фундаментальныя даследаванні. Асігнаванні на іх даследаванні плануецца павялічыць у шэсць разоў. Але яны павінны будуць даць справаздачу, як акупіліся выдаткі, і прадэманстраваць вынік — укараненне распрацовак у рэальны сектар эканомікі», — растлумачыў Генадзь Дзямідчык.

Дзямідчык: Беларусь павінна ацэньваць працу гаспадарчых суб’ектаў па эканамічных паказчыках

Як паведаміў дэпутат, распрацоўшчыкі праекту бюджэту настойваюць на тым, каб Беларусь адмовілася ад ацэнкі працы гаспадарчых суб’ектаў па прагнозных і аб’ёмным паказчыках вытворчасці. На першы план, па словах дэпутата, павінны выходзіць эканамічныя паказчыкі — працэнт рэнтабельнасці, прыбытковасць галіны.

«У новых эканамічных рэаліях нам усім трэба навучыцца зарабляць, утрыманства недапушчальнае. Гэта тычыцца ўсіх галінаў, у тым ліку адукацыі, аховы здароўя», — падкрэсліў Генадзь Дзямідчык.

Плануецца, што вышэйназваныя законапраекты дэпутаты Палаты прадстаўнікоў разгледзяць на пазачарговым паседжанні сесіі, прызначаным на 7 верасня. Сёлета пакет дакументаў будзе разгледжаны да пачатку восеньскай сесіі, бо, паводле патрабавання прэзідэнта, нарматыўна-прававыя акты, якія тычацца дзейнасці суб’ектаў гаспадарання, павінны ўступаць у дзеянне не раней за тры месяцы з часу іх прыняцця. Па словах Генадзя Дзямідчыка, гэта дазволіць суб’ектам гаспадарання і грамадзянам дэталёва вывучыць нарматыўна-прававыя акты і падрыхтавацца да працы ў новых умовах.