"Гарызонт" узначаліў ТОП-10 стратных беларускіх ААТ

26.10.2010 12:37
Архив Редакция

Кіруючая кампанія холдынгу "Гарызонт" з'яўляецца самым стратным з беларускіх адкрытых акцыянерных таварыстваў, пра што сведчаць дадзеныя Міністэрства фінансаў Беларусі. Па дадзеных мінфіна, у дзясятку стратных ААТ таксама ўвайшлі Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат, Бярозаўскі камбінат сілікатных вырабаў, свінакомплекс "Барысаўскі" і ААТ "Віцязь".

Па дадзеных міністэрства фінансаў, страты «Гарызонта» за першае паўгоддзе 2010 года склалі 19,1 млрд. рублёў (больш за шэсць мільёнаў даляраў). Стратнасць Светлагорскага цэлюлозна-кардоннага камбінату склала 13 млрд. рублёў, Бярозаўскага камбінату сілікатных вырабаў (11,1 млрд. рублёў), свінакомплексу «Барысаўскі» і ААТ «Віцязь» (па 10,3 млрд. рублёў).

Акрамя гэтых прадпрыемстваў у дзясятку самых стратных беларускіх акцыянерных таварыстваў ўвайшлі ААТ «Белтгандальрэклама» (7,7 млрд. рублёў), Гарадзенскі камбінат будаўнічых матэрыялаў (6,1 млрд. рублёў), ААТ «Камволь» (5,2 млрд. рублёў), ААТ «Дываны Брэста» (4,7 млрд. рублёў) і ААТ «Прамагралізінг» (4,2 млрд. рублёў).

З прадпрыемстваў радыёэлектроннай прамысловасці Беларусі таксама стратнымі з’яўляюцца Гомельскі радыёзавод і ААТ «Ратон» (Гомель). Іх страты склалі па тры мільярды рублёў.

Таксама, паводле дадзеных мінфіна, у другім квартале 2010 года са стратамі ў 1,6 млрд. рублёў працаваў «Мотавела» (Мінск), Берасцейскі завод бытавой хіміі (137 млн. рублёў), перадае «Заўтра тваёй краіны».

Разам з тым, паводле дадзеных мінфіна, два з пяці ААТ, якія ўлады Беларусі плануюць у лістападзе-снежні 2010 года прадаць па лініі Міжнароднага валютнага фонду, таксама працуюць сабе ў страту. Так, страты Бабруйскага машынабудаўнічага завода склалі 2,3 млрд. рублёў, ААТ «Ваўмет» — 547 млн. рублёў. Тры астатнія ААТ у першым паўгоддзі 2010 года спрацавалі «ў плюс». Прыбытак «Бархіма» склаў 609 млн. рублёў, Лідскага ліцейна-механічнага завода — 418 млн. рублёў, а «Рэчыцкага тэкстылю» — 158 млн. рублёў.

Как вам новость?