Польскі Сойм прыняў рэзалюцыю аб "гвалце і рэпрэсіях" у Беларусі

25.02.2011 14:43
Архив Редакция

Сойм Польшчы 25 лютага ў Варшаве прыняў рэзалюцыю, якая асуджае беларускія ўлады за гвалт і рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў, што прайшлі ў краіне 19 снежня 2010 года. Польскі парламент запатрабаваў неадкладна вызваліць усіх арыштаваных па справе аб масавых беспарадках і спыніць палітычныя рэпрэсіі.

«Сойм рашуча выступае за ўвядзенне дыпламатычных санкцый і адначасова — за прадстаўленне грамадзянам Беларусі доступу да рэсурсаў і магчымасцяў, якія дае Еўрасаюз, як у плане свабоды перамяшчэння і адкрыцця рынку працы, так і ў плане ўдзелу ў праграмах у галіне адукацыі, навукі і культуры», — заявілі польскія дэпутаты, перадае БелаПАН.

Сойм таксама падтрымаў значнае павелічэнне фінансавання дэмакратычных праектаў у Беларусі, «у тым ліку тых, што рэалізуюцца няўрадавымі арганізацыямі». За прыняцце рэзалюцыі выступілі ўсе парламенцкія аб’яднанні Сойма.

Палата прадстаўнікоў: пазіцыя Польшчы супярэчыць рэальнаму становішчу рэчаў

Між тым напярэдадні пасяджэння польскага Сойма беларускія дэпутаты выступілі з заявай, у якой асудзілі праект рэзалюцыі, «у якой даецца прадузятая і тэндэнцыйная трактоўка сітуацыі ў нашай краіне». «Такая пазіцыя, што супярэчыць рэальнаму становішчу рэчаў, не можа не выклікаць здзіўлення», — заявілі дэпутаты.
 
«Мы расцэньваем змест праекту рэзалюцыі Сойма Рэспублікі Польшча як умяшальніцтва ва ўнутраныя справы суверэннай дзяржавы, якое сведчыць аб свядомым правядзенні лініі на абвастрэнне беларуска-польскіх адносін. Паважаючы законнае права любой дзяржавы і яго народа на ўласны шлях развіцця, мы заклікаем польскіх парламентарыяў перавесці дыялог з эмацыйнай плоскасці ў цывілізаванае рэчышча» — гаворыцца ў заяве.
 
«Парламент Рэспублікі Беларусь адкрыты для канструктыўнага супрацоўніцтва з усімі парламентамі замежных дзяржаў і міжнароднымі арганізацыямі, што базуецца на прынцыпах узаемнай павагі, раўнапраўя і неўмяшання ва ўнутраныя справы адзін аднаго», — адзначылі беларускія дэпутаты.

Как вам новость?
Головоломки