Шведы выступаюць за бясплатныя візы ў ЕС для беларусаў

15.02.2011 10:15
Архив Редакция

Шведская ініцыятыва за дэмакратыю і правы чалавека Оstgruppen праводзіць маштабную кампанію за спрашчэнне для грамадзян Беларусі працэдуры ўезду ў краіны Еўрапейскага саюза. Актывістка арганізацыі Ханна Судэрбаўм лічыць, што спачатку можна проста знізіць кошт візаў, а ў перспектыве — цалкам адмяніць іх аплату.

Оstgruppen звярнулася з падобнай прапановай да кіраўнікоў краін ЕС, да акцыі далучыліся шведскія СМІ. «Я думаю, што ў недалёкай будучыні было б выдатна ў прынцыпе адмяніць якія-небудзь візы для беларусаў», — цытуе Ханну Судэрбаўм БелаПАН.

«Я ведаю, наколькі цяжка зараз грамадзянам Беларусі атрымаць візы ў краіны Еўрасаюза. На мой погляд, падобная тэндэнцыя не вельмі добра ўплывае і на імідж ЕС у цэлым. Змякчэнне ўмоваў уезду для беларусаў стала б сапраўдным жэстам салідарнасці еўрапейскай супольнасці ў дачыненні да грамадзянскай супольнасці Беларусі», — аргументуе сваю пазіцыю прадстаўнік Оstgruppen.

Оstgruppen ўваходзіць у Кааліцыю за непадзельную візавымі бар’ерамі Еўропу (Coalition for Europe undivided by visa barriers), якая ўключае ў сябе каля 35 арганізацый.

Як раней перадаваў Тэлеграф, Парламенцкая арганізацыя Паўночная Рада, куды ўваходзяць Данія, Ісландыя, Нарвегія, Фінляндыя і Швецыя, прыпыніла супрацоўніцтва з уладамі Беларусі да паляпшэння палітычнай сітуацыі ў краіне і вызвалення затрыманых апазіцыянераў.

На дадзены момант памер консульскага збору пры афармленні візаў для беларусаў у пасольстве Швецыі складае 60 еўра, для дзяцей ад 6 да 12 гадоў — 35 еўра, дзеці да шасці гадоў ад аплаты збору вызваляюцца. Пасол Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан з’яўляецца адзіным кіраўніком замежнага дыпведамства ў Беларусі, што свабодна валодае беларускай мовай.

Как вам новость?