"Белая Русь" у 2012 годзе плануе ўдзельнічаць у парламенцкіх выбарах

14.03.2011 10:32
Архив Редакция

Рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне "Белая Русь" плануе прыняць актыўны ўдзел у 2012 годзе ў выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі V склікання. Пра гэта 12 сакавіка на пасяджэнні Савета арганізацыі заявіў старшыня "Белай Русі" Аляксандр Радзькоў. Яго намеснік Сяргей Пігараў прадставіў на пасяджэнні план падрыхтоўкі і ўдзелу ў выбарчай кампаніі арганізацыйных структур "Белай Русі".

Як паведамілі ў арганізацыі, Аляксандр Радзькоў у сваім выступе адзначыў, што прайшла ў 2010 годзе выбарчая кампанія па выбары прэзідэнта Беларусі, у якой «Белая Русь» прыняла актыўны ўдзел, паказала, «на што здольная арганізацыя».

«Жывая, наглядная, канкрэтная праца, якую выконваў актыў аб’яднання падчас выбарчай кампаніі 2010 года, зрабіла «Белую Русь» рухам публічным і заўважным. Многія людзі даведаліся аб нашым існаванні дзякуючы нашым справам. Гэта значна павысіла аўтарытэт і рэйтынг аб’яднання», — падкрэсліў Аляксандр Радзькоў.

Па словах старшыні «Белай Русі», у цяперашні час у склад уваходзіць больш за 112 тыс. чалавек, у тым ліку 159 з 415 (гэта значыць 38% ад агульнай колькасці) дэпутатаў абласных Саветаў дэпутатаў, а таксама 61% дэпутатаў Мінскага гарадскога Савета, 53 % дэпутатаў Гарадзенскага абласнога Савета, 50% — Берасцейскага абласнога, па 40% — Мінскага і Магілёўскага абласных Саветаў.

Акрамя таго, на пасяджэнні Савета «Белай Русі» прагучала прапанова аб пераходзе арганізацыі да статусу партыі. Аляксандр Радзькоў не выключыў такой магчымасці, але адзначыў, што для такога рашэння ўсе без выключэння члены аб’яднання «павінны саспець».

«Гэта павінен быць натуральны пераход. Мы паступова і паслядоўна ідзем да таго, каб перайсці на партыйныя прынцыпы. Рашэнне аб стварэнні партыі павінна выкрышталізавацца ў народзе, трэба паступова падрыхтаваць усе арганізацыйныя структуры, да гэтага павінны быць гатовыя інстытуты палітычнай сістэмы», — растлумачыў кіраўнік арганізацыі.

Как вам новость?