Лукашэнка ўхваліў падпісанне пагаднення з Расіяй па АЭС

14.03.2011 19:30
Архив Редакция

Беларускі прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка ўхваліў праект міжурадавага пагаднення з Расіяй аб супрацоўніцтве ў будаўніцтве на тэрыторыі Беларусі атамнай электрастанцыі з улікам змяненняў прынцыповага характару, унесеных у выніку правядзення перамоў з расійскім бокам. 

Як паведамілі ў прэс-службе прэзідэнта Беларусі, адпаведны ўказ кіраўнік дзяржавы падпісаў 14 сакавіка. На падпісанне пагаднення з беларускага боку ўпаўнаважаны міністр энергетыкі Аляксандр Азярэц, паведамляе БелТА.

Тым часам напярэдадні падпісання пагаднення, якое запланавана на 15 сакавіка, з крытыкай праекту будаўніцтва АЭС у Беларусі ў чарговы раз выступілі эколагі, перадае БелаПАН.

Расійскія і беларускія эксперты лічаць, што праект беларускай АЭС выклікае асаблівую занепакоенасць гранічна сціснутымі тэрмінамі, парушэннем міжнародных абавязацельстваў Беларусі, а таксама ігнараваннем тэхнічных нормаў і заканадаўства — як нацыянальнага, так і міжнароднага.

«Паводле дадзеных даследавання, якое мы правялі, каля 40% усіх угодаў, якія «Росатам» заключае на куплю тавараў і паслуг, спалучаныя з парушэннямі, з вельмі высокай рызыкай карупцыі, — сказаў сустаршыня міжнароднай экалагічнай групы «Экаабарона!» Уладзімір Слівяк. — З-за ўжывання няякасных матэрыялаў пры будаўніцтве АЭС сістэмы бяспекі станцый аказваюцца менш надзейнымі. У выпадку ўзнікнення такіх праблем, як цяпер у Японіі, рэактары часта не вытрымліваюць».

Эксперты «Экаабарона!» прааналізавалі каля 300 закупак, праведзеных «Росатамам» у мінулым годзе, і прыкладна ў 40% выпадкаў выявілі прыкметы карупцыйнага складніка. «Гэта няправільна праведзеныя конкурсы, — сказаў Уладзімір Слівяк, — пакупкі паслуг наогул без конкурсаў — па нейкай, не цалкам прававой, дамове. Такая практыка даволі распаўсюджана, аб гэтым гавораць нават эксперты з атамнай прамысловасці Расіі».

Напрыклад, па словах прадстаўніка экогруппы, з-за прымянення не той маркі бетону на будаўніцтве Новаваронежскай АЭС-2 выяўленая трэшчына ў падмурку рэактара. Вядзецца расследаванне.

З меркаваннем Уладзіміра Слівяка салідарны кіраўнік энергетычнага аддзела «Грынпісу Расіі» Уладзімір Чупраў: «Наша ацэнка — вельмі выразная: дзяржаўная карпарацыя «Росатам» разбітая карупцыяй, як і большая частка чынавенскага корпусу ў Расіі. Мы сцвярджаем, што праз некалькі гадоў пасля таго, як пачнецца рэалізацыя праекту, карупцыя заразіць усе структуры дзяржапарату Беларусі, якія будуць адказваць за будаўніцтва атамнай станцыі. У нас ёсць інфармацыя з АЭС Расіі — Ленінградскай, Новаваронежскай, спецыялісты якіх кажуць: тыя матэрыялы, якія выкарыстоўваюцца для будаўніцтва платформаў для рэактараў, не вытрымліваюць ніякай крытыкі. Яны кажуць пра іржавую арматуру, аб парушэнні тэхналогіі бетонных работ, аб жудасных умовах для працоўных».

Как вам новость?