Пракаповіч: людзі супакояцца і "набегі" на абменнікі скончацца

16.03.2011 09:42
Архив Редакция

Ажыятажны попыт насельніцтва на валюту ў Беларусі хутка сыдзе. Аб гэтым заявіў старшыня праўлення Нацбанка Беларусі Пётр Пракаповіч, каментуючы цяперашнюю сітуацыю на валютным рынку краіны. "Банкі сёння задавальняюць попыт на валюту. Думаю, пройдзе некалькі дзён і людзі супакояцца, "набегі" на абменнікі скончацца", — сказаў кіраўнік Нацбанка.

«Тыя праблемы, якія сёння ёсць на валютным рынку, спецыяльна нагнятаюцца СМІ і ў інтэрнэце. Перыядычнае ўкідванне інфармацыі аб тым, што будзе дэвальвацыя, і гэта адбываецца ледзь не кожны дзень. Менавіта такім чынам і з’яўляюцца неабгрунтаваныя чуткі аб абясцэньванні нацыянальнай валюты», — растлумачыў Пётр Пракаповіч, перадае БелТА.

Што тычыцца рэкамендацый МВФ па правядзенні рэзкай дэвальвацыі, то кіраўнік Нацбанка на гэта адзначыў: «Мы праводзім сваю валютную палітыку». Па словах кіраўніка НББ, у Беларусі з МВФ няма ніякіх пагадненняў і няма ніякіх абавязацельстваў перад фондам. «Наша грашова-крэдытная палітыка зацверджана ўказам кіраўніка дзяржавы, і ў межах гэтага ўказу мы працуем», — заявіў Пётр Пракаповіч.

Тэрмін рэзервавання сродкаў на набыццё валюты на біржы павялічваецца да 30 дзён

Акрамя таго, як распавялі ва ўпраўленні інфармацыі Нацыянальнага банка краіны, у адпаведнасці з рашэннем праўлення ААТ «Беларуская валютна-фондавая біржа» з 16 сакавіка 2011 года тэрмін рэзервавання сродкаў у беларускіх рублях на куплю замежнай валюты на біржавых таргах часова павялічваецца да 30 каляндарных дзён.

У цяперашні час тэрмін рэзервавання сродкаў на набыццё валюты на біржы складае два дні.

«Мэтай прынятага рашэння з’яўляецца кансалідацыя асноўнага аб’ёму попыту і прапановы суб’ектаў гаспадарання на пазабіржавым валютным рынку, — распавялі ў Нацбанку. — Гэта дазволіць павялічыць ролю рынкавых механізмаў выраўноўвання попыту і прапановы, што прывядзе да зніжэння аб’ёмаў і павышэння эфектыўнасці палітыкі інтэрвенцый Нацыянальнага банка на ўнутраным валютным рынку, а таксама павялічыць магчымасці па больш эфектыўным размеркаванні і выкарыстанні валютных рэсурсаў у эканоміцы».

Пры гэтым у Нацбанку адзначылі, што магчымасць свабоднай куплі замежнай валюты суб’ектамі гаспадарання як на біржавым, так і на пазабіржавым рынку захоўваецца. «Бесперабойнае задавальненне попыту насельніцтва на замежную валюту будзе забяспечвацца банкамі як за кошт уласных сродкаў, так і, пры неабходнасці, з дапамогай набыцця для гэтых мэтаў замежнай валюты ў Нацыянальнага банка», — распавялі ў НББ.

Как вам новость?