Мінспорту і турызму просіць Нацбанк даць прагноз па сітуацыі з валютай

26.04.2011 09:57
Архив Редакция

Міністэрства спорту і турызму Беларусі накіравала афіцыйны запыт у Нацыянальны банк з просьбай даць прагноз развіцця сітуацыі на валютным рынку краіны. Як паведаміў 25 красавіка дырэктар дэпартаменту па турызме Міністэрства Вадзім Кармазін, пакуль адказу з Нацбанка не паступала.

Па словах кіраўніка дэпартаменту, у цяперашні час турфірмы «выкручваюцца як могуць, шукаюць валюту», каб забяспечыць нармальную працу з замежнымі партнёрамі. Чыноўнік патлумачыў, што больш за дзясятак турпрадпрыемстваў, якія працуюць у Беларусі, маюць ліцэнзію Нацбанка на прыём замежнай валюты, яны працуюць за валюту. Астатнія самастойна вызначаюць той ці іншы курс даляра і прадаюць пуцёўкі, перадае БелаПАН.

Генеральны дырэктар турысцка-экскурсійнага прыватнага ўнітарнага прадпрыемства «Мінсктурист» Марына Масташова патлумачыла, што найбуйнейшыя тураператары Беларусі ўстанавілі курс даляра ў пяць тысяч рублёў. Адпаведна, кліенты могуць набыць пуцёўку за рублі па такім курсе, істотна завышаным, у параўнанні з курсам Нацбанка, альбо чакаць, пакуль курс даляра стабілізуецца і ўпадзе.

У сваю чаргу намеснік дырэктара па турызме кампаніі AirBelService Аляксандр Бурдзейка заявіў, што турфірмы, якія працуюць у Беларусі, разлічваюць на падтрымку Мінспорту і турызму, а таксама Нацбанка ў вырашэнні праблемы з дэфіцытам валюты.

Дырэктар Рэспубліканскага саюза турыстычных арганізацый Валянцін Цэхмейстэр выказаў здагадку, што ў дадзенай сітуацыі колькасць беларусаў, якія аддадуць перавагу не выязджаць на адпачынак за мяжу, можа павялічыцца. Аднак ён выказаў надзею на тое, што ў бліжэйшы час сітуацыя на валютным рынку Беларусі стабілізуецца.

Мінспорту і турызму плануе павялічыць колькасць замежных турыстаў на 12%

Дырэктар дэпартаменту па турызме Мінспорту і турызму праінфармаваў, што ў гэтым годзе міністэрства плануе павялічыць колькасць турыстаў, што ўязджаюць, на 12% у параўнанні з 2010 годам — з 3,9 млн. чалавек да 4,5 млн. чалавек. Паводле інфармацыі Мінспорту і турызму, за першы квартал 2011 года Беларусь ужо наведала амаль 850 тыс. іншаземцаў. Экспарт турпаслуг ў гэтым годзе плануецца павялічыць на 20% да 175 млн. даляраў.

Вадзім Кармазін заявіў, што традыцыйна летам 2011 года ў Беларусі будуць запатрабаваныя санаторна-курортныя паслугі. Так, ужо цяпер прададзена больш за 90% пуцёвак. Па словах кіраўніка дэпартаменту, плануецца рост цікавасці да адпачынку ў аграэкасядзібы, а таксама адпачынак у нацыянальных парках, у курортных зонах Нарачанскага краю і Браслаўскіх азёр.

Пуцёўкі ў беларускія здраўніцы будуць прадаваць толькі беларусам

У сваю чаргу гендырэктар ПУП «Мінсктурыст» Марына Масташова паведаміла, што шэраг санаторна-курортных устаноў Беларусі заключылі з турфірмамі дадатковыя пагадненні аб тым, што пуцёўкі ў іх здраўніцы будуць прадаваць толькі жыхарам Беларусі. Прадстаўніца турфірмы патлумачыла, што на такі крок ўстановы пайшлі таксама з-за сітуацыі на валютным рынку краіны, бо беларусы не заўсёды могуць расплаціцца за туры валютай і вымушаныя адмаўляцца ад адпачынку за мяжой.

Как вам новость?