МУС хоча забараніць продаж алкаголю да 21 года

05.04.2011 17:11
Архив Редакция

Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі прапануе шэраг мер для ўзмацнення барацьбы з п'янствам і алкагалізмам. У прыватнасці МУС прапанавала павысіць мінімальны ўзрост, з якога можна набываць спіртное, з 18 гадоў да 21 года, паведаміў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі МУС Раман Мельнік.

Таксама ў ведамстве прапануюць абавязаць вытворцаў алкагольных напояў наносіць на этыкетку інфармацыю аб захворваннях, прычынай якіх можа быць алкаголь. Раман Мельнік таксама адзначыў неабходнасць скарачэння агрэсіўнай рэкламы піва і іншых слабаалкагольных напояў. Паводле яго слоў, таксама варта абавязаць гандлёвыя прадпрыемствы рэалізоўваць алкагольныя тавары асобна ад харчовых, у тым ліку ў асобных памяшканнях. Таксама МУС ініцыюе павышэнне адказнасці за выраб хатніх спіртных напояў, перадае БелаПАН.

Як адзначыў галоўны нарколаг міністэрства аховы здароўя Аляксей Аляксандраў, еўрапейская практыка паказвае, павышэнне цэн на алкагольную прадукцыю на 10% зніжае ўзровень злачынстваў на 6%, хоць гэтыя меры найбольш непапулярныя сярод насельніцтва.

Раман Мельнік паведаміў, што ў сярэднім на душу насельніцтва беларусы спажываюць 12,22 літра на год, у той час як у 2001 годзе яго спажывалі 8,8 літра. Пры гэтым больш за 180 тыс. грамадзян стаяць на ўліку ў наркалагічных кабінетах.

У сваю чаргу, як паведамляў Тэлеграф, міністэрства гандлю Беларусі прапануе зрабіць свабодным імпарт вінаў і лікёра-гарэлачных вырабаў высокага коштавага сегменту. Праект адпаведнага дакумента ўжо накіравалі на разгляд прэзідэнту, заявіў намеснік міністра гандлю Вячаслаў Драгун.

Как вам новость?
Головоломки