МЗС: ініцыятары запуску "Маскоўскага механізму" самі яго парушылі

08.04.2011 16:24
Архив Редакция

Пастаянны прадстаўнік Беларусі пры АБСЕ Аляксандр Сычоў на пасяджэнні пастаяннай рады АБСЕ раскрытыкаваў ініцыятыву 14-і краін па прымяненні да Беларусі "Маскоўскага механізму". Па яго словах, яны самі парушылі маскоўскі дакумент, які забараняе працу ў адной краіне дзвюх розных місій АБСЕ, бо ў Беларусі эксперты БДІПЧ ажыццяўляюць маніторынг за судовымі працэсамі па "справе 19 снежня".

«Мы катэгарычна не прымаем выкладзеную краінамі-ініцыятарамі інтэрпрэтацыю сітуацыі ў Беларусі. Не існуе аб’ектыўных падстаў для запуску згаданага механізму», — заявіў прадстаўнік Беларусі.

Паводле яго слоў, у краіне адсутнічае пагроза, тым больш «асабліва сур’ёзная», выкананню абавязацельстваў АБСЕ, сітуацыя ў краіне стабільная, няма міжнацыянальных і міжканфесійных канфліктаў, дзяржава адказна выконвае свае міжнародныя абавязацельствы.

Дыпламат адзначыў, што «некаторыя калегі наўпрост заяўляюць, што рашэнне беларускага боку па офісе АБСЕ стала сапраўднай прычынай запуску «Маскоўскага механізму». Ён заявіў, што «спыненне мандата місіі АБСЕ з’яўляецца суверэнным правам любой дзяржавы-ўдзельніцы АБСЕ», і ім неаднаразова карысталіся іншыя краіны, але «ніякага прымянення «Маскоўскага механізму» ў гэтых выпадках не было». Таксама дадзены механізм не ўжываўся ў краінах, дзе «ўзнікалі сапраўды крызісныя сітуацыі, якія забіралі мноства чалавечых жыццяў і патрабавалі самай сур’ёзнай рэакцыі».

Па словах Аляксандра Сычова, «у гэтым выпадку ўжыты адыёзны непрыкрыты «падвойны стандарт», які наносіць прынцыповую шкоду аўтарытэту АБСЕ». Да таго ж Беларусь «працягвае ўзаемадзеянне з дзейным старшынствам, інстытутамі і іншымі выканаўчымі структурамі АБСЕ па ўсім спектры пытанняў парадку дня арганізацыі». Судовае разбіральніцтва ў дачыненні да падзеяў 19 снежня «праводзіцца ў поўнай адпаведнасці з заканадаўствам Беларусі і вызначанымі працэдурамі, а таксама прынцыпамі вяршэнства закона і незалежнасці судовай улады», заявіў пастаянны прадстаўнік Беларусі пры АБСЕ.

Сычоў: «Маскоўскі механізм» заржавеў

Дыпламат падкрэсліў, што ўжыванне «Маскоўскага механізму» ініцыявалі краіны, «якія ўжо занялі пэўную, публічна абазначаную пазіцыю ў дачыненні да Беларусі».

«Паглядзіце, як спрытна зрэжысаваны запуск механізму: яшчэ не паспелі высахнуць чарнілы на дакуменце, а ініцыятары прызначаюць дакладчыка, і літаральна праз некаторы час Дырэктар БДІПЧ накіроўвае ліст на адрас пастаяннага прадстаўніка Беларусі, не знайшоўшы часу вывучыць усе працэдурныя аспекты дадзенага пытання. Ініцыятары «Маскоўскага механізму» фактычна адкрыта пасылаюць ясны сігнал ўсёй АБСЕ: яны хочуць маніпуляваць арганізацыяй у сваіх мэтах і не маюць намеру спыняцца ні перад чым. Яны пераследуюць мэты, якія не маюць ніякага дачынення ні да чалавечага вымярэння, ні да АБСЕ ў цэлым. Нават больш — гэтыя мэты супярэчаць духу і асноватворным прынцыпам нашай арганізацыі», — адзначыў Аляксандр Сычоў.

«Маскоўскі механізм» рэдка прымяняўся, на справе сябе не апраўдаў — гэта «заржавелых» інструмент з мінулай эпохі, аберацыя пачатку 90-х гадоў. Ні ў адным з выпадкаў запуск «Маскоўскага механізму» не даваў якіх-небудзь пазітыўных вынікаў, не прымяняўся ў нядаўніх крызісных сітуацыях. Няма дакладных крытэраў для вызначэння сітуацыі як «надзвычайнай». Прэцэдэнты запуску, якія мелі месца, пацвярджаюць, што гэты механізм з’яўляецца перажыткам «блокавага» падыходу і, адпаведна, не аб’ядноўвае краіны АБСЕ, а іх раз’ядноўвае. Зварот да такіх падыходаў не толькі контрпрадуктыўны. Ён вядзе да страты даверу паміж партнёрамі ў АБСЕ, канчатковай разбалансіроўкі працы АБСЕ, яшчэ большага паглыблення раздзяляльных ліній», — заявіў прадстаўнік Беларусі.

Ён таксама заклікаў «ініцыятараў «Маскоўскага механізму» перагледзець сваё рашэнне і вярнуцца ў поле нармальнага, ўзаемапаважлівага дыялогу».

Як перадаваў Тэлеграф, 14 іншых краін-членаў АБСЕ 6 красавіка ў Вене прапанавалі Беларусі супрацоўнічаць з місіяй міжнародных экспертаў з мэтай збору фактаў для расследавання дзеянняў, звязаных з падаўленнем дэманстрацый пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года і наступнымі падзеямі.

«Гэтая просьба была выказана ў адпаведнасці з пагадненнем АБСЕ, вядомым як «Маскоўскі механізм». Гэты механізм быў узгоднены ўсімі дзяржавамі-членамі АБСЕ, уключаючы Беларусь, у якасці сродку для садзейнічання захаванню і павазе правоў чалавека, асноўных свабод, дэмакратыі і вяршэнства закона шляхам дыялогу і супрацоўніцтва», — паведаміў брытанскі міністр па справах Еўропы Дэвід Лідынгтан.

Даведка. «Маскоўскі механізм» быў прыняты краінамі-удзельніцамі АБСЕ ў 1991 годзе. Яго сутнасць заключаецца ў тым, што АБСЕ, пры ініцыятыве і падтрымцы як мінімум дзесяці краін-удзельніц, можа сфармаваць і накіраваць надзвычайную місію ў краіну, што выклікае асаблівую занепакоенасць. Місія павінна правесці даследаванні і скласці справаздачу, што паслужыць афіцыйным дакументам АБСЕ для выпрацоўкі рэкамендацый па змене сітуацыі. Калі краіна адмаўляецца ад супрацоўніцтва, да яе могуць ужыць санкцыі.

Как вам новость?
Головоломки