Мінадукацыі не выключае павышэння платы за навучанне ў ВНУ

17.05.2011 12:40
Архив Редакция

Калі ў Беларусі будуць падымацца цэны на тавары і паслугі, а таксама стаўка першага разраду, то, разам з імі можа вырасці і кошт на вышэйшую адукацыю. Пра гэта 16 траўня заявіў міністр адукацыі Сяргей Маскевіч. Аднак, паводле яго слоў, на дадзены момант няма якіх-небудзь падстаў павялічваць памер платы за навучанне ў ВНУ краіны.

«Асноўны фактар, які вызначаў бы магчымасць змянення коштаў на адукацыйныя паслугі, — гэта змена стаўкі першага разраду, якое цягне за сабой змяненне выдаткаў на аплату працы выкладчыкаў ВНУ. Такіх планаў пакуль што няма, а значыць, і падстаў для змен памераў аплаты няма» , — цытуе кіраўніка ведамства БелТА.

Маскевіч: Балонскі працэс дапаможа падняць экспарт

Сяргей Маскевіч таксама паведаміў, што ў выпадку далучэння Беларусі да Балонскага працэсу краіна зможа нарасціць экспарт паслуг у сферы адукацыі. Па словах міністра, ужо цяпер «ідзе канкрэтная праца» для такога далучэння, якое зробіць Беларусь больш вядомай ў сусветнай адукацыйнай прасторы і падыме імідж рэспублікі як дзяржавы, дзе можна атрымліваць якасную адукацыю.

«Гэта вельмі важна. Магчыма, гэта самае галоўнае, чаму мы сур’ёзна зацікаўлены ў далучэнні да Балонскага працэсу», — растлумачыў ён.

Маскевіч: бакалаўры нам не патрэбныя

Беларускія ўлады будуць змяняць еўрапейскія стандарты адукацыі, калі тыя не будуць супадаць з інтарэсамі краіны, заявіў Сяргей Маскевіч.

«У тых выпадках, калі мы будзем бачыць, што пераход на еўрапейскія стандарты прывядзе да паніжэння якасці па тых ці іншых кірунках і спецыяльнасцях (а такое мае месца), мы проста будзем ўносіць адпаведныя карэктывы, зыходзячы з нацыянальных інтарэсаў», — сказаў міністр.

У прыватнасці, гэта адносіцца да двухступенчатай сістэмы беларускай адукацыі, якая адрозніваецца ад агульнапрынятай. «У нас ёсць магістры, а вось бакалаўры ў класічным варыянце нам не патрэбныя, на рынку працы для іх няма месца, іх трэба давучваць», — адзначыў кіраўнік мінадукацыі.

Маскевіч: Балонскі працэс не дапаможа беларусам знайсці працу за мяжой

Сяргей Маскевіч таксама выказаў меркаванне, што далучэнне Беларусі да Балонскага працэсу не палепшыць становішча выпускнікоў ВНУ, якія жадаюць знайсці працу ў іншых краінах.

«На гэтую тэму многія памыляюцца: часта, калі кажуць аб Балонскім працэсе, думаюць, што далучэнне да яго аўтаматычна вырашыць пытанне працаўладкавання людзей за мяжой», — сказаў ён.

Што датычыцца прызнання ў іншых дзяржавах беларускіх дыпломаў, міністр дакладна сказаць не можа. Ён адзначыў, што гэта залежыць ад пажаданняў працадаўцы, які самастойна прыме рашэнне, ці падыходзіць яму адукацыя і дыплом, якія атрымаў будучы найміт.

У Беларусі ўводзяць размеркаванне за год да заканчэння ВНУ

У хуткім часе ў беларускіх законах будзе прапісаная магчымасць размеркавання студэнтаў за год да заканчэння ВНУ, паведаміў Сяргей Маскевіч.

«Менавіта магчымасць, таму што ў такой сітуацыі атрымліваецца больш юрыдычных падстаў для таго, каб прайсці практыку менавіта на тых вытворчасцях, куды чалавек размеркаваны. З’явіцца зацікаўленасць і ў прадпрыемства, і ў самога студэнта падчас практыкі, каб уключыцца ў пэўную вытворчую дзейнасць», — удакладніў ён.

Як сказаў міністр, такое размеркаванне не будзе ахопліваць усіх студэнтаў, а яго галоўнай задачай з’яўляецца адаптацыя працадаўцы і маладога спецыяліста, якая павінна праходзіць максімальна ў інтарэсах двух бакоў.

Маскевіч: пытанне праходжання практыкі яшчэ не вырашанае

У цяперашні час у Беларусі трэба вырашаць пытанне забеспячэння сертыфікаванымі базамі для практык, якія праходзяць на аснове дагаворных адносін паміж навучальнымі ўстановамі і прадпрыемствамі. Акрамя таго, павінен прысутнічаць спецыяльны дакумент, у якім была б прапісана адказнасць абодвух бакоў, сказаў Сяргей Маскевіч.

Ён адзначыў, што цяпер ВНУ часта згаджаюцца з тым, каб студэнт праходзіў вытворчую практыку ў той арганізацыі, якую абраў. Аднак бывае і так, што студэнта прымушаюць шукаць месца для праходжання практыкі. «Такіх выпадкаў шмат, асабліва па эканамічных спецыяльнасцях, таму што ў ВНУ няма дастатковай колькасці базаў», — дадаў міністр.

Такіх баз дастаткова для студэнтаў-педагогаў і медыкаў, аднак арганізаваць практыку на патрабаваным узроўні для студэнтаў-эканамістаў досыць складана.

Как вам новость?
Головоломки