Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International заявіла, што ў апошнія поствыбарчыя шэсць месяцаў у Беларусі назіраецца беспрэцэдэнтнае пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека. У сувязі з гэтым праваабаронцы працягваюць заклікаць да "вызвалення ўсіх вязняў сумлення, якія былі затрыманыя і асуджаныя за мірнае ажыццяўленне свайго права на свабоду сходаў і выказвання меркаванняў".
Арганізацыя зноў заклікала беларускія ўлады паважаць правы ўсіх зняволеных і правесці «неадкладнае, дбайнае і бесстаронняе расследаванне абвінавачанняў у парушэннях правоў чалавека, якія мелі месца, уключаючы прымяненне катаванняў і жорсткага абыходжання ў месцах пазбаўлення волі».
У справаздачы Amnesty International адзначаецца, што ключавыя фігуры апазіцыі «былі затрыманыя, падвергнутыя жорсткаму абыходжанню і асуджаныя па выніках несправядлівых судовых разглядаў». Па словах праваабаронцаў, у краіне падвяргаюцца рэпрэсіям няўрадавыя арганізацыі, актывісты грамадзянскай супольнасці і журналісты.
Арганізацыя налічыла ў Беларусі 12 вязняў сумлення (Андрэя Саннікава, Мікалая Статкевіча, Дзмітрыя Уса, Змітра Бандарэнку, Дзмітрыя Буланава, Дзмітрыя Дашкевіча, Алеся Кіркевіча, Мікіту Ліхавіда, Эдуарда Лобава, Фёдара Мірзаянава, Аляксандра Атрошчанкава і Паўла Севярынца), але яна не выключае, што да іх ліку дададуцца і іншыя асуджаныя апазіцыянеры. «Amnesty International заклікае да іх неадкладнага і безумоўнага вызвалення», — гаворыцца ў заяве праваабаронцаў.