БХД просіць Польшчу разабрацца ў інцыдэнце з бел-чырвона-белым сцягам

28.06.2011 10:04
Архив Редакция

У польскім горадзе Быдгашчы 25 чэрвеня падчас матчу Беларусь — Літва на чэмпіянаце Еўропы па баскетболе сярод жанчын адбыўся інцыдэнт з групай беларускіх заўзятараў. Арганізатары матчу з ужываннем сілы выдалілі іх з трыбуны за тое, што яны разгарнулі бел-чырвона-белы сцяг. У сувязі з гэтым інцыдэнтам аргкамітэт па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" звярнуўся да вышэйшага кіраўніцтва Польшчы.

«Гэты інцыдэнт выклікаў шырокую негатыўную рэакцыю беларускай грамадскасці, асабліва сярод дэмакратычна настроеных грамадзян», — адзначае БХД у звароце, накіраваным 27 чэрвеня прэзідэнту Польшчы Браніславу Камароўскаму, польскаму прэм’еру Дональду Туску, а таксама кіраўніку Еўрапарламенту Ежы Бузеку і кіраўніцтву Міжнароднай федэрацыі баскетбола.

«У Беларусі за бел-чырвона-белы сцяг прадстаўнікоў дэмакратычнага руху аўтарытарны рэжым затрымлівае, збівае і арыштоўвае. Але калі падобнае адбываецца на тэрыторыі Еўрапейскага саюза, гэта выклікае толькі неразуменне і абурэнне», — заявілі ў БХД.

«Настойліва просім вас звярнуць увагу на гэты інцыдэнт, папярэдзіць вінаватых у непавазе да беларускай нацыянальнай сімволікі і не дапускаць здзекаў з патрыятычных пачуццяў беларусаў. Мы вельмі цэнім паслядоўную і прынцыповую пазіцыю Еўрасаюза і Рэспублікі Польшча ў пытаннях дэмакратызацыі Беларусі, у падтрымцы беларускай грамадзянскай супольнасці і вельмі спадзяемся, што вы не будзе трываць падобных выпадкаў на тэрыторыі ЕС і Польшчы ў далейшым», — гаворыцца ў звароце аргкамітэту БХД.

Как вам новость?