Дэпутаты хочуць кардынальна змяніць падатковую сістэму

08.06.2011 09:35
Архив Редакция

Беларускія дэпутаты працягваюць працу над кардынальным спрашчэннем падатковай сістэмы. Неабходныя для гэтага папраўкі яны маюць намер абмеркаваць у ходзе выязнога пасяджэння пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па бюджэце, фінансах і падатковай палітыцы, якое пройдзе 9-10 чэрвеня на базе прадпрыемстваў Горадні і Слоніму. Пра гэта паведаміў старшыня камісіі Аляксандр Антаненка.

«Калі раней у краіне стаяла задача павелічэння аб’ёмаў вытворчасці, то цяпер асноўная мэта — інавацыйны шлях развіцця. Таму абмяркоўваецца пытанне па зніжэнні стаўкі падатку на прыбытак. Гэта зразумела: падатак на прыбытак — асноўная крыніца ўнутраных інвестыцый для прадпрыемства. Чым большая стаўка падатку на прыбытак, тым менш ўкладваецца ў развіццё прадпрыемства», — сказаў ён.

Дэпутаты таксама вывучаюць магчымасць дазволу ў 2012 годзе пераносіць страты на прыбыткі будучых перыядаў, павелічэння тэрмінаў дакументальнага пацвярджэння вывазу тавараў за межы Беларусі, перагляду падставы спагнання штрафаў за ўчыненне адмiнiстрацыйных правапарушэнняў у сферы падатковага заканадаўства, перадае БелТА.

Выязное пасяджэнне дэпутаты арганізавалі, каб абмеркаваць «са спецыялістамі-практыкамі, наколькі карысныя прапанаваныя папраўкі заканадаўства і ці будуць яны мець станоўчае ўздзеянне на эканоміку прадпрыемства». Па словах Аляксандра Антаненкі, у цяперашняй сітуацыі на валютным рынку «ў добрае асяроддзе трапілі прадпрыемствы, якія працуюць на мясцовай сыравіне і пастаўляюць сваю прадукцыю на экспарт». Іх вопыт неабходна вывучыць і па магчымасці распаўсюдзіць на іншыя прадпрыемствы, адзначыў дэпутат.

Как вам новость?
Головоломки