Дзмітрыеў заклікаў міжнародныя інстытуты "не гуляць з уладамі Беларусі"

03.06.2011 09:16
Архив Редакция

Кіраўнік выбарчага штаба экс-кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева Андрэй Дзмітрыеў, выступаючы 1 чэрвеня на канферэнцыі ў Еўрапарламенце ў Брусэлі, заклікаў міжнародныя інстытуты "не ўступаць у гульню" з беларускімі ўладамі. На думку палітыка, сусветная супольнасць павінна "запатрабаваць ад кіраўніцтва Беларусі вызваліць усіх палітвязняў".

У прыватнасці, Андрэй Дзмітрыеў заклікаў кіраўніцтва Міжнароднага валютнага фонду, куды нядаўна звярнулася Беларусь па чарговы крэдыт, «не таргавацца». «Першай умовай перамоваў павінна стаць вызваленне ўсіх палітвязняў», — цытуе палітыка Polska Agencja Prasowa.

«Неабходна вызваліць усіх, паколькі калі заўтра Еўропа зменіць сваю пазіцыю, праз два-тры гады будзе дзвесце, трыста такіх жа палітычных зняволеных», — перакананы Андрэй Дзмітрыеў.

Серыя прэс-канферэнцый, на якіх змаглі выступіць беларускія апазіцыянеры і выказацца з нагоды «справы 19 сне», была арганізавана польскім інфармацыйным Бюро салідарнасці з дэмакратычнай Беларуссю. Прэс-канферэнцыі прайшлі 30 траўня — 1 чэрвеня ў Варшаве, Празе і Брусэлі.

Як перадаваў Тэлеграф, па крымінальнай справе аб масавых беспарадках, якая была заведзеная пасля акцыі апазіцыі 19 снежня ў Мінску, праходзяць не менш за 59 чалавек. З іх 41 ужо асуджаны, а двое абвінавачаных і чацвёра падазраваных знаходзяцца за мяжой. Пецярым абвінавачваным так і не прызначылі дату суду, яшчэ сямёра застаюцца ў статусе падазраваных.

Як арганізатараў беспарадкаў судзілі чацвярых фігурантаў справы: былога міліцыянта Аляксандра Класкоўскага і экс-кандыдатаў у прэзідэнты Андрэя Саннікава, Дзмтрыя Уса і Мікалая Статкевіча. Усяго ў крымінальнай справе фігуруе шэсць былых кандыдатаў у прэзідэнты, іх давераныя асобы і члены выбарчых штабоў, журналісты, моладзевыя актывісты і простыя грамадзяне.

Как вам новость?