ЕС увёў санкцыі супраць яшчэ чатырох прадстаўнікоў беларускай улады

21.06.2011 09:54
Архив Редакция

Рада міністраў замежных спраў краін Еўрасаюза 20 чэрвеня прыняла рашэнне пашырыць візавыя і эканамічныя санкцыі ў дачыненні да прадстаўнікоў беларускіх уладаў, якіх у ЕС лічаць датычнымі да "палітычным рэпрэсіяў пасля выбараў 19 снежня". Галоўнай мэтай уведзеных санкцый, па сцвярджэнні еўрапейскіх чыноўнікаў, з'яўляецца "пакаранне беларускага лідара за арышты актывістаў апазіцыі і журналістаў без шкоды для эканомікі Беларусі".

«Чорны спіс» ЕС папоўніўся чатырма новымі прозвішчамі:

Андрэй Кажэўнікаў — дзяржабвінаваўца ў крымінальнай справе супраць экс-кандыдатаў у прэзідэнты Уладзіміра Някляева, Віталя Рымашэўскага, членаў ініцыятыўнай групы Уладзіміра Някляева Андрэя Дзмітрыева, Аляксандра Фядуты, Сяргея Вазняка і іншых фігурантаў «справы 19 снежня»;

Людміла Грачова — суддзя Ленінскага раёна Мінску, якая разглядала справу экс-кандыдатаў Мікалая Статкевіча і Дзмітрыя Уса і шэрагу іншых фігурантаў «справы 19 снежня»;

Кірыл Чубкавец — пракурор у справе экс-кандыдатаў у прэзідэнты Мікалая Статкевіча і Дзмітрыя Уса;

Уладзімір Пефціеў — бізнэсмэн, блізкі да прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. У ЕС яго лічаць галоўным эканамічным дарадцам беларускага прэзідэнта і «фінансавым спонсарам рэжыму Лукашэнкі».

«Абвінавачанне, прадстаўленае пракурорамі, адкрыта дэманструе, што працэс быў палітычна матываваны і ў ходзе яго груба парушаўся Крымінальна-працэсуальны кодэкс. Абвінавачанне засноўвалася на няслушнай трактоўцы падзей 19 снежня, доказаў і паказанняў сведак», — гаворыцца ў дакуменце.

Уключэнне суддзі ў спіс неўязных, у ЕС аргументавалі тым, што ў ходзе разгляду крымінальнай справы яна груба парушала Крымінальна-працэсуальны кодэкс і засноўвалася на доказах і паказаннях сведкаў, якія не маюць адносіны да справы.

ЕС
забараніў пастаўляць у Беларусь вадамёты і выбухоўку


Акрамя таго, ЕС увёў эмбарга на пастаўкі зброі і абсталявання, якія «могуць выкарыстоўвацца для ўнутраных рэпрэсій». Так, у спіс абсталявання, якое забаронена прадаваць і пастаўляць у Беларусь, уключаны пэўныя віды агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў; бомбы і гранаты; транспартныя сродкі, абсталяваныя вадамётамі, якія могуць быць выкарыстаны пры разгоне вулічных дэманстрацый; транспартныя сродкі, прызначаныя для перавозкі зняволеных ці затрыманых; транспартныя сродкі, прызначаныя для стварэння мабільных бар’ераў; выбуховыя рэчывы і адпаведнае абсталяванне; калючыя стужкавыя загароды; ваенныя, баявыя нажы, баявыя нажы і штыкі з лязом даўжынёй больш за 10 сантыметраў.

Таксама забароненыя пастаўкі пэўных відаў бронекамізэлек, шаломаў і шчытоў, якія звычайна выкарыстоўваюцца супрацоўнікамі спецназа пры разгоне вулічных дэманстрацый. Таксама абмежаваныя пастаўкі прыбораў начнога бачання, тэрмічнага абсталявання візуалізацыі і электронна-аптычных пераўтваральнікаў.

Забаронена таксама перадаваць Беларусі канкрэтныя тэхналогіі для распрацоўкі, вытворчасці або выкарыстання прадметаў, уключаных у дадзены спіс, а таксама аказваць прамую або апасродкаваную тэхнічную або фінансавую дапамогу беларускім прадпрыемствам, якія могуць займацца вытворчасцю названага абсталявання.

Акрамя таго, эканамічныя санкцыі ўведзеныя супраць трох кампаній, якія, як гаворыцца ў афіцыйнай заяве Рады ЕС, знаходзяцца пад поўным кантролем Уладзіміра Пефціева — ЗАТ «Белтэхэкспарт», ЗАТ «Спорт-пары» (аператар рэспубліканскай латарэі), ПУП «БТ Тэлекамунікацыі».

Как вам новость?