Крэдыт ЕўрАзЭС не змяніў "чорны" курс даляра

06.06.2011 14:08
Архив Редакция

Крэдыт з Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС у памеры 3 млрд даляраў, які Беларусь атрымае часткамі на працягу трох гадоў, не змяніў сітуацыю з "чорным" курсам даляра ў краіне і не дадаў валюты ў абменных пунктах. Мяркуючы па ўсім, сітуацыя ў найбліжэйшы час не зменіцца, бо Беларусь зможа атрымаць першы транш ад ЕўрАзЭС на суму 800 млн даляраў толькі на працягу 10-15 дзён пасля ажыццяўлення ўсіх унутрыдзяржаўных працэдур і падпісання пагаднення аб выдачы крэдыту.

Рашэнне аб выдачы 3 млрд даляраў Беларусі з Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС было прынятае 4 чэрвеня. Крэдыт выдзяляецца на дзесяць гадоў з ільготным перыядам на тры гады па плаваючай стаўцы 4,1% гадавых.

У мінскіх абменніках валюты па-ранейшаму няма

Як лічаць некаторыя незалежныя беларускія эксперты, крэдыт ЕўрАзЭС не вырашыць праблему эканамічнага крызісу, і валюта ў абменніках не з’явіцца. Наяўны курс даляра будзе не менш за 6 тыс. рублёў, безнаяўны — не менш як 7 тыс. рублёў.

На сённяшні дзень у абменніках беларускіх банкаў на пытанне: «Ці ёсць валюта?» карэспандэнт Тэлеграфа чуў толькі кароткі адказ: «Валюты няма ніякай».

Па словах спецыялістаў, дзякуючы крэдыту ЕўрАзЭС да канца гэтага года можа спыніцца абвальны рост цэн і дэвальвацыя, і гэта — у лепшым выпадку.

Акрамя таго, беларускія ўлады разлічваюць таксама ўжо восенню 2011 года падпісаць пагадненне аб крэдыце з Міжнародным валютным фондам, у якога Беларусь папрасіла 3,5-8 млрд даляраў.

«Чорны» курс даляра складае ад 5,9 да 6,2 тыс. рублёў

Паводле «першага ў свеце электроннага пункту наяўнага валютнага абмену», сайта Prokopovi.ch, на сённяшні дзень даляр купляюць за 5987 рублёў, прадаюць за 6208 рублёў. Купля і продаж еўра — 8545 і 8861 рублёў адпаведна, расійскі рубель прадаюць за 209, купляюць за 216.

Паводле афіцыйнага курсу, устаноўленага Нацбанкам на 6 чэрвеня, даляр каштуе 4981 рубель, еўра — 7 210 рублёў, расійскі рубель — 178 беларускіх рублёў.

Як паведамляў ужо Тэлеграф, з 24 траўня афіцыйны курс даляра пасля дэвальвацыі складаў 4930 рублёў, курс еўра — 6914,82 рубля, расійскага рубля — 173,95 беларускага рубля.

Как вам новость?