Лябедзька: мяне зрабілі палітычным бамжом

21.06.2011 17:07
Архив Редакция

Следства прыпыніла крымінальную "справу 19 снежня" ў сувязі з тым, што некаторыя яго фігуранты знаходзяцца ва ўцёках. Тым не менш, пашпарт лідару Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатолю Лябедзьку, які таксама праходзіць па гэтай справе, пакуль не вярнулі. "Я застаўся адзіным з усіх, каму не вярнулі грамадзянскі пашпарт. Мяне зрабілі палітычным бамжом", — сказаў ён.

«АГП з’яўляецца рэспубліканскай структурай, а я не магу пакідаць без дазволу межы Мінску. Хоць па гэтай крымінальнай справе ніякіх рухаў не адбываецца. І такое становішча можа доўжыцца бясконца», — адзначыў палітык, перадае «Беларускі партызан».

Па словах Анатоля Лябедзькі, улады «прыдумалі механізм, як закрыць, не закрываючы справу». Начальнік жа следчага аддзелу ГУУС Мінгарвыканкама Анатоль Сукала, да якога лідар АГП за вытлумачэннем сітуацыі звяртаўся больш за тыдзень таму, да 1 ліпеня знаходзіцца ў адпачынку. «Ён і толькі ён сфармулюе пісьмовы адказ па сутнасці майго звароту», — падкрэсліў фігурант справы.

«У мяне была крымінальная справа, якая вісела нада мной дзевяць гадоў. Узбуджана справа была пасля выступу ў праграме «Зеркало» Мікалая Сванідзэ на расійскім тэлебачанні, па абвінавачанні ў замаху на годнасць прэзідэнта. Беларуская пракуратура накіравала ў пракуратуру Расіі запыт дапытаць Сванідзэ, а з пракуратуры РФ не прыходзіў адказ, пракуратура не рэагавала. І так — дзевяць гадоў», — сказаў палітык.

Між тым, як перадаваў Тэлеграф, праваахоўныя органы затрымалі чарговага падазраванага па справе аб масавых беспарадках 19 снежня 2010 года. Актывіста з Вілейкі Святаслава Барановіча, якога падазраюць ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі пратэсту, яшчэ 15 чэрвеня змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання на вуліцы Акрэсціна ў Мінску.

Как вам новость?
Головоломки