Міятавіч: у беларускай сітуацыі няма пазітыўных зрухаў

10.06.2011 14:54
Архив Редакция

Беларускія ўлады кантралююць медыя непрымальным спосабам. Пра гэта заявіла прадстаўніца АБСЕ па пытаннях СМІ Дуня Міятавіч. "Я думаю, што гэта непрымальна. У 21-ым стагоддзі недарэчна мець такі падыход да медыя, свабоднага грамадства", — сказала яна. Дуня Міятавіч дадала, што на дадзены момант у Беларусі "не бачыць нічога пазітыўнага".

Такую заяву яна зрабіла 8 чэрвеня ў Вільні падчас міжнароднай канферэнцыі АБСЕ, прысвечанай пошуку спосабаў забеспячэння лепшай абароны журналістаў.

Дуня Міятавіч выказалася аб пытанні кантролю недзяржаўных СМІ і ператрусах, якія нядаўна прайшлі ў мадэратараў сацыяльных сетак.

«Наколькі магу, я імкнуся прыцягваць беларускі ўрад з мэтай садзейнічання, дапамагчы ім. Я ўвесь час падымаю ўсе гэтыя пытанні, пачынаючы з арыштаў журналістаў, увязнення журналістаў, спробаў закрыць незалежныя газеты. Гэта абсалютна непрымальны падыход да сацыяльных медыя, маладых людзей, якія выказваюць свае погляды інакш», — цытуе прадстаўніка АБСЕ літоўскі DELFI.

Дуня Міятавіч падкрэсліла, што пільна сочыць за беларускай сітуацыяй. Яна заўважыла, што перад прэзідэнцкімі выбарамі адносіны з уладамі краіны выходзілі на пазітыўную дынаміку, аднак цяпер у іх няма «ніякіх пазітыўных зрухаў».

«У рамках свайго мандата я падымаю гэтыя пытанні з мэтай прапанаваць абарону тым людзям, якія жывуць у не зусім добрай, здаровай для медыя атмасферы. У той жа час я імкнуся далучаць дзяржаву. У лістападзе мінулага года ў мяне быў вельмі добры візіт і размовы з афіцыйнымі асобамі ў Мінску. Але, на жаль, усё змянілася пасля 19 снежня, і ў дачыненні да медыя былі прынятыя меры», — канстатавала яна.

«Мая пазіцыя застаецца ранейшай, я праводжу маніторынг, уважліва сачу за сітуацыяй, спрабую наведаць Мінск і спадзяюся, што сітуацыя зменіцца да лепшага. Але я штодня атрымліваю адтуль навіны і, на жаль, не бачу нічога пазітыўнага», — патлумачыла Дуня Міятавіч.

Ажубаліс: літоўскі офіс Freedom House будзе дамагацца свабоды ў Беларусі

У аўторак, 7 чэрвеня, ў Вільні адкрыўся офіс міжнароднай праваабарончай арганізацыі Freedom House. Міністр замежных спраў Літвы Аўдронюс Ажубаліс праінфармаваў, што адной з асноўных задач працы гэтага офіса названая барацьба за свабоду самавыражэння ў Беларусі.

Дуня Міятавіч дадала, што для змены беларускай сітуацыі патрэбна сумесная праца. Таму дзейнасць арганізацый, падобных Freedom House, з’яўляецца не чым іншым, як дапамогай, і яе нельга расцэньваць як спробу ўмяшання ў справы Беларусі.

«Гэта павінна быць сумесная праца. У першую чаргу яна павінна ўспрымацца і вітацца супольнасцю ў Беларусі. Я не думаю, што хто-небудзь з нас, незалежна ад таго, у якой краіне ён жыве, не хоча жыць у свабодным і дэмакратычным грамадстве. І думаю, што любыя спробы што-небудзь зрабіць павінны ўспрымацца не як ўмяшанне, а як дапамога, як аб’яднанне намаганняў у спроба бачыць пазітыўныя вынікі», — адзначыла прадстаўніца АБСЕ.

«Чаму Беларусь не бярэ гэтую руку (дапамогі — Тэлеграф), я растлумачыць не магу, паколькі я не палітык. Тут я стараюся запэўніць іх у тым, што людзі, якія падвергнуліся нападкам, не самотныя. Яны не павінны быць пад наглядам, у турмах з-за сваіх перакананняў. І я буду рабіць гэта, пакуль працую на гэтай пасадзе. У мяне ёсць надзея, што афіцыйныя асобы ўсведамляюць, і лепш, як можна хутчэй, што мы ўсе павінны ўключыцца ў работу, спрабуючы што-небудзь зрабіць разам, таму я не думаю, што гэта ўмяшанне з-за мяжы», — сказала Дуня Міятавіч.

«Я з Босніі і Герцагавіны, і не думаю, што мы маглі б што-небудзь паспяхова зрабіць без дапамогі нашых калегаў, я кажу не пра палітыку, а пра грамадзянскую супольнасць, журналістаў, НУА», — дадала яна.

Как вам новость?