Праз санкцыі БСЖ не можа ўдзельнічаць у нарадзе АБСЕ

08.06.2011 12:05
Архив Редакция

Члены афіцыйнага Беларускага саюза журналістаў не змаглі ўзяць удзел у нарадзе па бяспецы журналістаў у рэгіёне АБСЕ, якая праходзіць у Вільні 7-8 чэрвеня. Прадстаўнікоў БСЖ запрашаў намеснік міністра замежных спраў Літвы Эвальдас Ігнатавічус, аднак у амбасадзе ім не выдалі візаў, паколькі ў дачыненні да членаў саюза дзейнічаюць санкцыі ЕС.

«Гэта беспрэцэдэнтны крок. Ён сведчыць аб негатыўных тэндэнцыях у разуменні сучаснага развіцця грамадства, якія праяўляюцца ў асяроддзі еўрабюракратаў. Відавочна, гэта рашэнне выклікана нежаданнем дапускаць кантакты паміж грамадскімі арганізацыямі Беларусі і дзяржаў-удзельніц ЕС, бояззю пачуць альтэрнатыўны пункт гледжання наконт таго, што адбываецца ў нашай краіне», — заявілі ў БСЖ.

«На гэтым прадстаўнічым форуме планавалася абмеркаваць шырокае кола пытанняў, звязаных з прафесійнай дзейнасцю журналістаў. Натуральна, Беларускаму саюзу журналістаў было пра што расказаць сваім калегам», — дадалі ў арганізацыі.

БСЖ: у ЕС не ведаюць, што мы патрапілі ў «чорныя спісы»

Акрамя таго, афіцыйны саюз журналістаў упэўнены, што кіраўніцтва Еўрасаюза «хавае ад еўрапейскай грамадскасці факт ўключэння журналістаў у спісы грамадзян, якім забаронены ўезд у краіны ЕС». «БСЖ, як і іншыя грамадскія арганізацыі Беларусі, якія пастаянна атрымліваюуь запрашэння для ўдзелу ў мерапрыемствах на тэрыторыі ЕС. Аднак гэты ўдзел абцяжараны ў сувязі з уведзенымі абмежавальнымі санкцыямі з боку ЕС», — цытуе БелТА прадстаўнікоў арганізацыі.

Апошні свой нядопуск да ўдзелу ў нарадзе члены БСЖ лічаць спробай Еўрасаюза «падзяліць грамадзянскую супольнасць Беларусі на сваіх і чужых, на добрых і дрэнных». Такую пазіцыю яны матывуюць тым, што ўлады ЕС «відавочна падтрымліваюць арганізацыі, якія займаюць аднабокую пазіцыю ў адносінах да працэсаў, што адбываюцца ў Беларусі, і абмяжоўвае кантакты з іншымі арганізацыямі, якія прытрымліваюцца супрацьлеглага меркавання».

БСЖ: мы будзем дамагацца камунікацыі з ЕС

Беларускі саюз журналістаў мае намер, «нягледзячы на палітыку, што праводзіцца палітычным кіраўніцтвам ЕС», працягваць кантакты з замежнымі грамадскімі арганізацыямі, у тым ліку і арганізацыямі Еўрасаюза. «Нашы замежныя калегі выказваюць салідарнасць з беларускімі журналістамі. Спадзяемся, яны змогуць адкрыта пра гэта заявіць падчас медыяфоруму, які плануецца правесці ў канцы чэрвеня ў Мінску і на які запрошаны ў тым ліку і прадстаўнікі журналісцкай супольнасці ЕС», — дадалі ў БСЖ.

Как вам новость?