У Рагачове настаўніка музыкі абвінавачваюць у распаўсюдзе парнаграфіі

29.06.2011 09:59
Архив Редакция

Суд Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці пачаў разгляд крымінальнай справы, узбуджанай супраць 50-гадовага мясцовага паэта, былога кіраўніка гуртка па ігры на гітары і вершаскладанні, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі. Мужчыну абвінавачваюць у распаўсюдзе дзіцячай парнаграфіі.

Па дадзеных следства, у 2009 годзе кіраўнік гуртка па ігры на гітары і вершаскладанні раённага Дома культуры, «прызнаваўся ў каханні да школьніцы непрыстойнымі вершамі і парнаграфіяй з выявай непаўналетніх», перадае БелаПАН.

Як высветлілі супрацоўнікі праваахоўных органаў, мужчына запампаваў з інтэрнэту фатаграфіі парнаграфічнага характару, у тым ліку з выявай непаўналетніх, а затым уставіў туды з дапамогай кампутарнай праграмы свае фатаграфіі. Пасля гэтага атрыманыя выявы разам з непрыстойнымі вершамі мужчына запісаў на дыск і ўручыў іх 15-гадовай выхаванцы гуртка.

Дзяўчына пасля прагляду дыска ў міліцыю заяўляць не стала. Аднак мужчына пачаў пераследваць яе: тэлефанаваў па тэлефоне, запрашаў на сустрэчы. Паколькі на працягу доўгага часу падобныя непрыстойныя «заляцанні» не спыняліся, бацькі дзяўчыны вырашылі ўсё ж звярнуцца ў міліцыю.

Між тым, сам абвінавачаны сцвярджае, што школьніца сама спрабавала спакусіць яго. Паводле яго слоў, дзяўчына неаднаразова дасылала яму вершы эратычнага зместу і прапаноўвала ўступіць з ім у інтымную сувязь, каб нарадзіць ад яго дзіця, перадае сайт «Рагачоўскія навіны».

Крымінальную справу па арт. 343-1 Крымінальнага кодэксу распачалі 28 сакавіка Рагачоўскім РАУС. На той момант мужчына ўжо быў звольнены з працы з-за п’янства. Слуханне крымінальнай справы праходзяць у закрытым рэжыме.

Как вам новость?
Головоломки