: Хаменка: месца беларускай музыкі сціплае і гэта трэба мяняць

Iдэя першай у Беларусі прафесійнай прэміі Rock Profi сапраўды абмяркоўвалася больш як паўтара гады, адзначыў саліст, аўтар музыкі і кіраўнік гурта "Палац" Алег Хаменка ў размове з карэспандэнтам Тэлеграфа. Ён сказаў, што менавіта ідэя, якая зараз рэалізуецца, адразу выглядала сярод іншых прапанаваных самай перспектыўнай і жыццяздольнай і давала надзею на тое, што прэмія будзе аптымальна справядлівая.

Вядомы беларускі музыка на самым пачатку абмеркавання быў ў арганізацыйным камітэце, дзеля таго каб ацаніць ідэі, якія у той час прапаноўваліся. Цяпер Алег Хаменка ўваходзіць у журы і кантрольны камітэт, які падлічвае галасы і падводзіць вынікі галасавання па анкетах, каб вылучыць пераможцаў у шасці намінацыях. У галасаванні ўдзельнічалi каля 60 беларускіх музыкаў, у кантрольны камітэт увайшлі каля дзесяці, разам з арганізатарамі прэміі — Дзмітрыем Безкаравайным (стваральнік праекту Experty.by, аўтар ідэі прэміі Rock Profi) і Паўлам Юрцэвічам (студыя "Осмос").

Вядомыя ў музычным свеце і паважаныя музыкі і арганізатары прэміі сабраліся разам, за кампутарамі і прысвячалі гэтай працы нямала часу — адказна лічылі галасы. Гэта таксама вельмі наглядна пацвярджала і ілюстравала, наколькі справа сур'ёзная і важная. "Вось зараз ідзе падлік галасоў, і мы ўжо тут працуем проста як людзі-калькулятары", — з усмешкай адзначыў Алег Хаменка пасля прэзентацыі праекта.

— На ваш погляд, наколькі значную ролю можа адыграць гэтая прэмія, цi стане яна стымулам для беларускіх музыкаў?

— У любым выпадку прэміі, розныя ўзнагароды, стымулююць. Таму практычна кожнае выданне, якое адсочвае працу музыкаў, мастакоў, літаратараў, так ці інакш арганізуе ўзнагароды. І зразумела, што ў Беларусі падобных ўзнагарод павінна быць шмат. Увогуле, на маю думку, кожнае выданне ці кожны партал, якія выдаюць матэрыялы па музычных тэмах, павінны ўсё ж такі рабіць нейкую ўзнагароду.

І я лічу наконт Rock Profi, што падобная прэмія будзе, безумоўна, спрыяць развіццю і таму, каб прыцягнуць ўвагу, перадусім, саміх музыкаў да творчасці калег. Таму што ўсё ж такi гэтай карпаратыўнай высновы зараз няма.

Паверце, што нават тыя, хто сочыць за беларускай музыкай, сярод тых прэтэндэнтаў, якія выдалі ў мінулым годзе альбомы, ледзь не трэцюю частку проста не ведаюць. Гэта трэба хоць як-небудзь мяняць.

І няма прасторы ў СМI, на якой бы альтэрнатыўныя і рок-музыкі маглі б хоць як-небудзь тусавацца. Калі мы гаворым пра тое, што папулярныя музыкі маюць нейкія агульныя канцэрты, практычна ўсе адзін аднаго ведаюць і сябруюць, то тое, што тычыцца прадстаўнікоў альтэрнатыўнай і рок музыкі — такіх пляцовак вельмі няшмат. Сустракаюцца яны толькі на нейких агульных фестывальных рок-канцэртах и таксама на выступленнях па музычных напрамках. А ўяўляць сабе, што там робяць іншыя, — то і не ўяўляюць.

— Няўжо не ўзнікала ў музыкаў думка стварыць нейкі свой незалежны саюз, аб'яднанне?

— Ужо 20 з нечым гадоў вітае такая думка. Умоўна кажучы, з'явілася 20 гадоў таму ідэя аб незалежных прафсаюзах музыкаў, дзе можна было б абмяркоўваць, напрыклад, пытанне, што ніжэй канкрэтнага кошта нельга выступаць, абараняць свае іншыя інтарэсы ці надаварот – можна было б камусьці дапамагчы. Але рэалізацыі гэтай прапановы не адбылося. За апошнія 20 гадоў, на маёй памяці, вось гэта ўсе цягнецца и цягнецца на узроўні размоў. Таму ёсць многа прычын. Гэта нясе ў сабе, як кажуць, " сто пяцьсот" праблем.

І кожныя два гады, прыкладна, у каго-небудзь адраджаецца думка пра гэта, зноў выказваецца ініцыятыва — каб вось стварыць нейкую федерацыю ці унію музыкаў. Розныя былі назвы ў гэтай магчымай з'явы. І размова аб гэтым аднаўляецца, але справа дагэтуль не зрушылася.

— А што вы думаеце аб беларускіх слухачах, іх адносінах да беларускай музыкі, скажам так, ступені іх успрымальнасці да беларускамоўных твораў, вашага, напрыклад, гурта?

— Зараз я паспрабую сфармуляваць пытанне так, як вы хацелi яго задаць, на мой погляд, а вы скажаце — правiльна цi не, — усміхаецца Алег Хаменка. — Ці адукавана публiка дзеля ўспрыняцця нацыянальнай музыкi?

— Геніяльна дакладна сфармулявалі.

— Я скажу, што публiка цi ўвогуле грамадства знаходзiцца, канешне, у расiйскамоўнай інфармацыйнай прасторы, і месца беларускай музыкi тут зусім сціплае ці яго наогул няма.

Iншая справа, што ўсе хочуць, каб гэта змянілася. І публіка хоча, і самі музыкі. Ды, здаецца, і дзяржава хоча, і сістэма хоча, каб гэта памянялася, таму што гэта больш выгадна.

Але калі трэба працаваць на гэтым напрамку, тады ўзнікае пытанне – як? I вось гэта "як?" – костка гэтай праблемы.

Свае, беларускія, музыкі працуюць не для сваёй аудыторыі, а адразу пачынаюць арыентавацца быццам бы на аўдыторыю замежную. Што гэта вызначае? Што большасць маладых музыкаў так ці інакш ужо сёння працуюць не для беларускага слухача, а для слухача за межамі Беларусі.

Гэта было б добра, калі б было тут дастаткова для сваіх слухачоў ўласнай актуальнай музыкі. Але гэтага няма. І пакуль ўсё гэта выглядае як праца на іншыя культуры.

І з тае прычыны, а таксама іншых, сёння наша грамадства і публіка проста не падрыхтаваны ўспрымаць суайчынніка, які можа прапанаваць ім нейкую культурна-мастацкую з'яву.

Таму што ўсе такія культурна-мастацкія з'явы так ці інакш трапляюць у канкурэнцыю з замежнымі і… не вытрымліваюць яе. I калі беларускаму слухачу прыходзіцца абіраць — вось кампакт Мадонны за 15 тысяч рублёў ці кампакт Памідорава за 25 — то, канешне, выбар відавочны.

Але ёсць апантаныя прыхільнікі, якія адчуваюць, што гэты нясправядліва і так не павінна быць. І вось менавіта, перадусім, яны з'яўляюцца самымі адказнымі і ў той жа час самымі добразычлівымі гледачамі і слухачамі нашых канцэртаў. Для іх, па сутнасці, мы і працуем.

— У гэтай арыентацыі на замежжа адыгрывае сваю ролю, напэўна, і грашовы стымул — там музыкантам можна зарабіць больш, чым у Беларусі?

— Ну, у Нарвегіі, напрыклад, чатыры мільёны насельніцтва, а іх гуртоў, якія пазіцыянуюць сябе як нарвежскія — больш за 500, і ўсе яны дазваляюць сабе існаваць менавіта з канцэртнай дзейнаці і з продажаў сваёй прадукцыі.

Гэта і ёсць адказ на пытанне. Ці маленькі наш рынак? Не, не маленькі, ён вялікі.

Іншая справа, што нарвежцы хочуць слухаць перш за ўсё нарвежскае, а потым чужое, а ў нас — пакуль — мы хочам слухаць чужое, а потым ужо беларускае. Прыярытэты розныя.

— Вяртаючыся да музыкальнай прэміі, нельга не адзначыць, што самі па себе прадстаўнікі аднаго цэха — яны ж усё роўна канкурэнты. Наколькі музыкі могуць быць зацікаўлены ў развіцці сваіх калег, беларускай музыкі ўвогуле?

— Адзначу наконт прэміі, што вось гэта матэматычная сістэма, якая была прапанавана для падвядзення вынікаў Rock Profi, дазваляе нам нейкую пэўную аб'ектыўнасць забяспечыць. І дазваляе гаварыць: такі варыянт можа спрыяць таму, што не будзе абвінавачвання ў суб'ектыўнасці.

Цяжка гаварыць, што гэта зусім не суб'ектыўна будзе. Але тут відавочна значнае забеспячэнне аб'ектыўных падыходаў. Настолькі вялікі аб'ём праведзенай папярэдняй працы, і самі ўмовы настолькі дэмакратычныя.

Вось, бачыце, як усё адбываецца. Вось прыйшло 60 э-мэйлаў прагаласаваўшых, зараз iдзе той самы подлік. І гэты падлік робяць разам з арганізатарамі розныя вядомыя музыкі – каму не вверыць – Памідораву, мне, Багданаву, "Троіцы"? Як не верыць?

— А над чым працуе ваш гурт зараз, планы на бліжэйшы час?

— У гэтым годзе мы ўсё роўна яшчэ хочам адыграць нашу канцэртную праграмму, якая была прысвечана 20-годдзю "Палаца". 20-годдзе было ў мінулым годзе, і ў Мінску мы адыгралі гэты канцэрт, сыгралі канцэрт у Гомелі. Але мы хочам ва ўсіх абласных цэнтрах таксама адыграць гэтыя канцэрты. І таму мы вось шчыльна разлічваем бліжэйшыя цёплыя месяцы на прадмет таго, як гэта зрабіць слушна. І, перадусім, гэтым, канешне, займаемся.

Я шчыра прызнаюся, што альбом мы выдалі не зусім у тым выглядзе, у якім хацелі. А ўжо проста выдалі да 20-годдзя і — усё. А дзве песні, якія былі павінны напэўна быць у гэтым альбоме, забракавалі, недапрацавалі.

І вось яны нас ціснуць – дарабіць іх . Зразумела, што гэта проста сінглы, на якія не так і важна будзе звярнуць увагу публікі. Але для нас гэтыя творы прынцыповыя. І вось, з аднаго боку, хочацца за іх сесці, а з другога — можа, мы крыху адцягваем гэты момант .

Вось гэта тое, што вельмі актуальна нас цісне ў бліжэйшыя тыдні. Ну і да таго ж цэлы шэраг выступаў ужо запланаваны — ў красавіку і ў траўні. Мы іх паабяцалі і гэта для нас важна.

Дарэчы, Алег Хаменка перадаў  чытачам і редакціі Тэлеграфа прівітанне  ад "Палаца" са сваім аўтографам.

: Хаменка: месца беларускай музыкі сціплае і гэта трэба мяняць

 

А мы ў сваю чаргу ад нашых чытачоў і рэдакцыі Тэлеграфа жадаем выдатнаму беларускаму музыканту, калектыву "Палац" новых поспехаў і дасягненняў, плённай працы і ўсяго самага добрага — тым больш з той нагоды, што Алег Хаменка 4 красавіка адзначыў свой дзень нараджэння. Шчыра виншуем!

Як перадаваў Телеграф, у Мінску 27 сакавіка прайшла пятая цырымонія ўручэння музычных узнагарод Experty.by. Лепшым фолк-альбомам стаў "Кола грукатала" гурта "Палац".

Пра першую ў Беларусі прафесійную прэмію Rock Profi 3 красавіка распавялі арганізатары і музыкі са складу журы. Прэмія будзе прысуджацца ў шасці намінацыях: "Артыст года", "Дэбют года", "Лепшая песня", "Лепшы альбом", "За ўклад у музыку" і такой не стандартнай для Беларусі намінацыі, як "Лепшы запіс".

А пераможцаў аб'явяць у Мінску 16 красавіка. "Кожнаму члену журы трэба было адслухаць 47 альбомаў, 72 песні, а таксама ацаніць поспехі трох дзесяткаў выканаўцаў ", — адзначыў Дзмітрый Безкаравайны. У кантрольны камітэт ўвайшлі прадстаўнікі розных стыляў і напрамкаў, у тым ліку гурты "Серебряная свадьба", Naka, "Троіца", The Toobes, "Нейра дзюбель", "J:морс", Yellow Brick Road і іншыя.

 

Как вам новость?
Головоломки