Зміцер Вайцюшкевіч заспяваў Маякоўскага па-беларуску (+песня)

2 лістапада ў Мінску Зміцер Вайцюшкевіч ладзіць канцэртную прэзентацыю новага альбома «Люблю» на вершы Уладзіміра Маякоўскага. Сёння адбылася прэм’ера песні «Паслухайце» з яго, напісанай на беларускі пераклад аўтарства Рыгора Барадуліна.

– Калі выйшаў мой першы альбом на вершы Маякоўскага ў 2005 годзе, Барадулін мяне спытаў, чаму я не скарыстаў нідзе беларускія пераклады. А я проста неяк непадумаў, што яны ёсць! І вось гэтым разам узгадаў, зрабіў – вельмі такі пранікнёны і светлы тэкст, які хацелася дапоўніць адпаведнай музыкай, – распавядае Вайцюшкевіч.

Пераклад «Паслухайце» быў зроблены Рыгорам Барадуліным яшчэ на пачатку 80-х і выдадзены ў аднайменным зборніку. Акрамя гэтай кампазіцыі на альбоме «Люблю» будзе яшчэ адна песня на беларускай – «Размова з фінінспектарам аб паэзіі» ў перакладзе Віталя Рыжкова.

Канцэртная прэзентацыя дыска адбудзецца ў зале «ОК16» (вул. Кастрычніцкая, 16). На сцэну Вайцюшкевіч гэтым разам выйдзе з AppleTea, Аляксандрам Шувалавым і іншымі ўдзельнікамі праекта. У першай частцы прагучыць новы альбом, у другой – лепшыя песні з іншых дыскаў Вайцюшкевіча. Квіткі: ад 24 да 33 рублёў на сайце і ў касах Kvitki.by. Пачатак у 19:00. Даведка: (033) 661 14 32.

 

Как вам новость?
Головоломки