Хуліганская гісторыя мастацтваў: да канца года плануецца выхад кнігі для дзяцей пра «Парыжсую школу»

На краўдфандынгавай пляцоўцы ulej.by запусцілася кампанія «Мастацтва Беларусi ХХ ст. Парыжская школа», прымеркаваная да выдання аднайменнай кнігі для дзяцей. На дадзены момант ужо сабрана больш за 35% ад неабходнай сумы. Аўтарамі праекта з'яўляюцца «Творчыя майстэрні» галерэі «Ў» сумесна з вядомым пісьменнікам і мастаком Адамам Глобусам, паэтам Андрэем Хадановічам і музыкам Лявонам Вольскім. Раней у такім творчым саюзе з дапамогай краўдфандынга было выдадзена яшчэ дзве кнігі: «Мастацтва Беларусь ХХст. Вiцебская школа» і «Малевiч для дзяцей». Уся серыя унікальных кніг напісана на зразумелай для дзяцей мове ілюстрацый, казак, вершаў і гульняў. Падрыхтоўка трэцяй кнігі да выдання стала магчымая дзякуючы ААТ «Белгазпрамбанк» і Цэнтру выяўленчага і медыя мастацтва «Новая культурная ініцыятыва».

Кніга «Мастацтва Беларусi ХХ ст. Парыжская школа» прысвечана мастакам, якія эмігравалі калісьці з беларускіх земляў у Францыю і атабарыліся ў яе сталіцы: Марк Шагал, Хаім Суцін, Восіп Любіч, Восіп Цадкін, Файбіш-Шрага Царфін, Міхаіл Кікоін, Пінхус Крэмень. Падтрымаць праект на ulej.by і атрымаць эксклюзіўны падарунак — кнігу «Мастацтва Беларусi ХХ ст. Парыжская школа » — можна да 9 лістапада. Спасылка на кампанiю: https://ulej.by/project?id=819563.

«У кнігарнях музеяў Еўропы заўсёды ёсць дзіцячая літаратура пра мастацтва: яркая, цікавая, з пышнымі ілюстрацыямі. Без сухой тэорыі! На простай мове і з вялікай колькасцю гульняў. Так дзеці з малога пачынаюць любіць, разумець і шанаваць мастацтва! Кніг жа такога кшталту пра беларускае мастацтва не было. — Кажуць прадстаўнікі «Творчых майстэрняў». — Таму два гады таму мы задумалі авантуру: пачалі працу адразу над серыяй кніг. І выдаем адну за другой з дапамогай краўфандынга. На гэты раз у гульнях і казках дзеці змогуць даведацца пра творчасць мастакоў «Парыжскай школы». Кніга «Мастацтва Беларусі ХХ стагоддзя. Парыжская школа» — «хуліганская гісторыя мастацтва» — выдатная магчымасць бліжэй пазнаёміцца з творчасцю нашых сусветна вядомых суайчыннікаў, тых, кім мы можам ганарыцца, каго мы павінны памятаць. А яшчэ гэтая кніга створана для таго, каб дзеці і бацькі маглі цікава правесці час разам, даведацца нешта новае, пачытаць вершы і казкі, памаляваць».

Зараз кнігу можна замовiць на краўдфандынгавай пляцоўцы ulej.by. Калі кампанія завершыцца паспяхова, то ў снежні кніга будзе выдадзена. Як сцвярджаюць аўтары, яна зможа стаць эксклюзіўным і карысным падарункам да Новага года.

«Парыжская школа» — важная вяха ў гісторыі сусветнага мастацтва, гэта некалькі пакаленняў мастакоў з розных краін, якія ўгрунтаваліся ў Парыжы з 1900 да 1960-х гадоў. Але гэта і асобны фенамен для беларускага мастацтва. Станаўленне цэлага пакалення мастакоў, якія нарадзіліся ў Беларусі, адбылося ў Еўропе. Жыццё рознымі шляхамі прывяло кожнага з іх у Парыж. Амаль усе яны жылі ў «Вуллі», доме-камуне для мастакоў, які адначасова стаў і галоўнай лабараторыяй мадэрнісцкага мастацтва пачатку XX стагоддзя. Усе гэтыя беларускія мастакі сталі прадстаўнікамі Парыжскай школы разам з Пабла Пікаса, Амадэо Мадыльяні, Фернан Лежэ і іншымі сусветна вядомымі майстрамі.

Доўгі час Марк Шагал, Хаім Суцін, Восіп Любіч, Восіп Цадкін, Файбіш-Шрага Царфін, Міхаіл Кікоін, Пінхус Крэмень значыліся ў сусветнай мастацкай крытыцы як рускія мастакі. Цяпер, дзякуючы працы многіх неабыякавых людзей і ініцыятыў, у тым ліку з боку бізнесу, ідзе хваля «вяртання» мастакам статусу беларусаў у агульнасусветным кантэксце: у музеях свету ўносяцца папраўкі ў апісаннях карцін, усё больш публікацый аб беларускіх прадстаўніках Парыжскай школы з’яўляецца ў нашай прэсе , а ў галерэі «Арт-Беларусь» можна бачыць арыгіналы карцін з карпаратыўнай калекцыі ААТ «Белгазпрамбанк».

Але працэс «вяртання» доўгі і складаны. Таму важна, каб дзеці з малых гадоў добра ведалі творчасць мастакоў-выхадцаў з Беларусі, якімі ганарыцца ўвесь свет.

Для каго гэтая кніга:
— Для першаклашак. Можна лічыць гэтую кнігу прасунутым падручнікам з сучасным падыходам да засваення інфармацыі дзіцяці ў гульнявой і займальнай форме.
— Для дашкалят. Яны будуць вывучаць мастацтва праз займальныя казкі.
— Для дарослых. Ніколі не позна пазнаваць нешта новае, асабліва разам са сваім дзіцем

Што рабіць з гэтай кнігай?
— Можна чытаць яе ад першай да апошняй старонкі.
— І ад апошняй да першай.
— Адказваць на пытанні з кнігі і задаваць пытанні дарослым.
— У гэтай кнізе абавязкова ТРЭБА маляваць!
— Таксама ў ёй ёсць вершы — іх можна чытаць і нават спяваць.
— А яшчэ можна насіць гэтую кнігу на галаве, каб навучыцца хадзіць, як каралі і каралевы.

У якасці дадатковага падарунка пры замове кнігі на ulej.by бэкерам прадастаўляецца магчымасць паўдзельнічаць у бясплатным майстар-класе па «Парыжскай школе» у Арт-Беларусі. Вядучая — мастацтвазнаўца Сафія Садоўская.

Как вам новость?
Головоломки