ПА АБСЕ: пры дэмакратыі тых, хто прайграў не кідаюць у турму

17.05.2011 12:20
Архив Редакция

Старшыня Парламенцкай Асамблеі АБСЕ Петрас Эфтыміоу заявіў, што прысуды беларускім апазіцыянерам з'яўляюцца страшным прэцэдэнтам для дэмакратыі, "сімвалам росту палітычных рэпрэсій, з якімі сутыкаюцца тыя, хто спрабуе проста выказаць свой, незалежны пункт гледжання ў Мінску". "Пры дэмакратыі пераможца не кідае тых, хто прайграў у турму", — сказаў ён.

«Мы асабліва занепакоеныя абмежаваннямі, якім падвяргаюцца палітычная апазіцыя і грамадзянская супольнасць у Беларусі. Прысуды, вынесеныя ўдзельнікам паслявыбарных пратэстаў, празмерныя. Яны дэманструюць адсутнасць павагі да асноўных правоў на свабоду сходаў і выраз меркаванняў, і культывуюць атмасферу страху і самацэнзуры ў СМІ і сярод прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці ў краіне», — лічыць Петрас Эфтыміоу.

Ён таксама ў чарговы раз заклікаў афіцыйны Мінск перагледзець сваё рашэнне аб закрыцці сядзібы АБСЕ, паколькі, на яго думку, «дазвол некалькім праваабаронцам сачыць за судамі не можа замяніць сабой прысутнасць АБСЕ ў краіне».

Кіеў заклікаў Мінск да дыялогу з апазіцыяй

Міністэрства замежных спраў Украіны заклікала беларускія ўлады пачаць дыялог з апазіцыяй. «Мы звярталіся і будзем звяртацца да нашых беларускіх партнёраў з заклікамі вярнуцца да канструктыўнага дыялогу з апазіцыяй, зрабіць практычныя крокі ў кірунку гарантавання свабоды слова, свабоды сходаў і іншых грамадзянскіх свабод і правоў», — адзначылі ва ўкраінскім МЗС.

«Мы з занепакоенасцю ўспрынялі прысуд вядомаму дыпламату, палітыку, грамадскаму дзеячу Андрэю Саннікаву і яго жонцы Ірыне Халіп», — паведаміў дырэктар дэпартаменту інфармацыйнай палітыкі МЗС Украіны Алег Валошын, перадае ZN.UA.

Між тым Украіна працягне выступаць супраць палітычнай ізаляцыі рэспублікі Беларусь, заклікаючы да дыялогу з беларускім урадам у пытанні захавання дэмакратычных правоў і каштоўнасцяў.

Чэшскі хельсінскі камітэт: Лукашэнка страціў давер свайго народа

Асудзіў вынясенне прысудаў апазіцыйным актывістам і палітыкам Чэшскі хельсінскі камітэт. «Усе яны былі асуджаныя за негвалтоўны пратэст супраць пераабрання Аляксандра Лукашэнкі беларускім прэзідэнтам у снежні мінулага года ў Мінску», — гаворыцца ў заяве ЧХК.

На думку чэшскіх праваабаронцаў, дадзеныя працэсы з’яўляюцца ганьбай не толькі для Беларусі, але і для Еўропы і для прыхільнікаў дэмакратыі ва ўсім свеце. «Мы пацвярджаем словы Андрэя Саннікава, які, абараняючыся ў судзе вельмі мужна, сказаў, што дзяржаўная ўлада ў асобе Лукашэнкі, «канчаткова страціла давер людзей і міжнароднай супольнасці», — адзначылі яны.

«Чэшскі хельсінкскі камітэт перакананы, што хутка настане час, калі нават у Беларусі будуць прымяняцца прынцыпы Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах», — падсумавалі члены ЧХК.

Как вам новость?
Головоломки