14 снежня датэрмінова прагаласавалі 3,4% выбаршчыкаў

15.12.2010 10:17
Архив Редакция

У першы дзень датэрміновага галасавання на выбарах прэзідэнта Беларусі прагаласавала 3,4% выбаршчыкаў, або больш за 237 тыс. чалавек. Пра гэта паведаміў сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалай Лазавік. У Віцебскай вобласці прагаласавала 5% выбаршчыкаў, у Гомельскай — 4,2%, Магілёўскай — 3,5%, Гарадзенскай — 3,1%, Мінскай — 3%, у Берасцейскай вобласці і Мінску — па 2,6%.

«Якіх-небудзь сігналаў аб парушэннях, збоях у працы выбарчых камісій не паступала», — паведаміў Мікалай Лазавік, перадае БелТА.

Паводле яго слоў, выбарчыя ўчасткі былі адкрыты ва ўсталяваны законам час, строга захоўвалася працэдура пачатку датэрміновага галасавання.

Назіральнікі: гомельскія студэнты дэманструюць высокую яўку на датэрміновым галасаванні

Адзін з каардынатараў грамадзянскай кампаніі «За справядлівыя выбары» Васіль Палякоў, спасылаючыся на дадзеныя незалежных назіральнікаў, паведаміў, што гомельскія студэнты дэманструюць высокую яўку на датэрміновым галасаванні, перадае БелаПАН.

Паводле яго слоў, на гомельскім участку № 22, размешчаным у корпусе Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны, за першы дзень прагаласавала 118 з 683 выбаршчыкаў. Гэта значыць яўка ў першы дзень датэрміновага галасавання склала 17,3%, прычым галасавалі ў асноўным студэнты. Акрамя гэтага на ўчастку № 49 у корпусе Беларускага гандлёва-эканамічнага ўніверсітэта спажывецкай кааперацыі прагаласаваў датэрмінова 171 чалавек, таксама ў асноўным студэнты.

«Ужо пачаліся рознагалоссі ў падліку прагаласаваўшых выбаршчыкаў. Да прыкладу, на ўчастку № 28 у Савецкім раёне, па падліках назіральніка, прагаласавала 26 чалавек, а па дадзеных камісіі — 52», — паведаміў Васіль Палякоў.

Ён таксама распавёў, што на большасці кантраляваных участкаў пакой для галасавання не закрываюць, і там застаецца міліцыянт, ці пакой зачыняюць, а ключ аддаюць міліцыянту. «Да прыкладу, на ўчастку № 16 Цэнтральнага раёна міліцыянт-жанчына падчас перапынку засталася ўнутры і зачынілася, застаўся міліцыянт і на ўчастку № 17 Цэнтральнай акругі ў пакоі для галасавання, сам-насам са скрыняй засталіся міліцыянты на ўчастках № 13, 47, 49 у Савецкім раёне», — паведаміў каардынатар кампаніі «За справядлівыя выбары».

Акрамя гэтага, па яго словах, на ўчастку № 22 пазбавілі акрэдытацыі назіральніка Уладзіміра Анфілава, які зняў на мабільны тэлефон пячатку на скрыні для датэрміновага галасавання. У сувязі з гэтым участковая камісія склала акт «аб некарэктных паводзінах назіральніка, што выявілася ў фатаграфаванні ўчастка для галасавання і скрыні для датэрміновага галасавання без дазволу прысутнага старшыні камісіі», згодна з якім назіральнік «названымі вышэй дзеяннямі ствараў перашкоды для нармальнай працы камісіі і правядзення галасавання».

Как вам новость?
Головоломки