1 верасня ўступаюць у сілу змены ў беларускую арфаграфію

31.08.2010 11:51
Архив Редакция

1 верасня 2010 года ўступае ў сілу закон "Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі", які быў прыняты 23 ліпеня 2008 года. На думку Міністэрства адукацыі закон будзе садзейнічаць стабілізацыі арфаграфічных нормаў беларускай мовы.

Асноўныя змены ў правапісе паводле закону заключаюцца ў наступным:

1. пашыраецца прынцып перадачы акання ў запазычаннях. Належыць пісаць трыа, адажыа, Токіа (замест трыо, адажыо, Токіо), а запазычаныя канчатковыя элементы -эр,-эль перадаваць як -ар,-аль: камп’ютар, лідар, карцар, шніцаль, форталь і г.д. Але ва ўласных імёнах -эр,-эль захоўваецца: Одэр, Юпітэр;

2. згодна з агульным правілам перадачы якання на пісьме належыць пісаць словы дзявяты, дзясяты, сямнаццаць, васямнаццаць. У старой рэдакцыі правілаў гэтыя словы былі выключэннямі і пісаліся праз е;

3. крыху шырэй прадстаўлена напісанне ў (у нескладовага) у запазычаннях: фаўна, ва ўніверсітэце (замест фауна, ва універсітэце). Хаця, напрыклад, як і раней ненаціскное у ў канцы запазычанняў не скарачаецца: фрау, Дахау, ток-шоу, ноу-хау;

4. уніфікуецца напісанне мяккага знака ў прыметніках на -ск(і) утвораных ад уласных імёнаў. Цяпер усе іх трэба пісаць так жа сама як і прыметнікі ад астатніх назоўнікаў на -нь: конскі (конь), астраханскі (Астрахань), любанскі (Любань), цянь-шанскі (Цянь-Шань), чань-чунскі (Чань-Чунь) (замест чаньчуньскі, цяньшаньскі);

5. у большасці запазычаных дзеясловаў прапанавана пісаць суфікс -ава-/-ява- на месцы -ірава-/-ырава-: ліквідаваць, а не ліквідзіраваць, акліматызаваць, а не аклімацізіраваць і г.д.;

6. упарадкавана напісанне вялікай і малой літары ў назвах органаў улады, арганізацый, званняў, пасадаў і г.д. Таксама з вялікай літары трэба пісаць імёны міфалагічных і казачных герояў, імёны бостваў у рэлігійных культах: Бог, Усявышні, Святая Троіца, Буда, Брахма, Алах; Антэй, Зеўс, Тытан, Венера, фуры, Дажбог, Жыжаль, Пярун, Цмок, Дзед Мароз, Баба Яга, Пегас. Але з малой літары пішуцца словы бог (гасподзь) ва ўстойлівых выразах: бог яго ведае, дай божа, крый бог (божа), алах з ім;
У неафіцыйным ўжыванні словы прэзідэнт, старшыня, кароль, імператар пішуцца з малой літары, але: выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;

7. спрошчаны правілы пераносу слоў, што адпавядае сучасным выдавецкім тэхналогіям. Можна пераносіць: ся-стра, сяс-тра, сяст-ра; дзя-ці-нства, дзя-цін-ства, дзя-цінс-тва, дзя-цінст-ва; памяц-цю, памя-ццю.

Как вам новость?
Головоломки