31-м абвінавачаным у масавых беспарадках стаў Пазняк

14.01.2011 15:39
Архив Редакция

Новым 31-м абвінавачаным па крымінальнай справе аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня стаў жыхар горада Жодзіна Андрэй Аляксандравіч Пазняк, 1977 года нараджэння. Яго затрымалі падчас разгону акцыі пратэсту на Плошчы Незалежнасці. Суд прысудзіў яго тады да выплаты штрафу ў памеры 30 базавых велічынь (350 даляраў).

Калегі Андрэя Пазняка пачалі хвалявацца, калі той не з’явіўся на працы. У выніку пошукаў удалося выявіць, што яго змясцілі ў следчы ізалятар на вуліцы Валадарскага ў Мінску. Пра гэта паведамілі ў праваабарончым цэнтры «Вясна».

Затрыманаму прад’яўлена абвінавачанне па артыкуле 293 КК Беларусі, які прадугледжвае пазбаўленні волі на тэрмін да 15 гадоў.

Як раней паведамляў Тэлеграф, у крымінальнай справе аб арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках у Мінску 19 снежня 11 студзеня з’явіўся яшчэ адзін абвінавачаны — актывіст грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» Павел Вінаградаў. Між тым прозвішчы абвінавачаных ўлады не абвяшчалі.