ЦВК зарэгістраваў кандыдатаў у прэзідэнты

18.11.2010 08:55
Архив Редакция

Сёння, 18 лістапада ў 12:00 адбылося пасяджэнне Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў (ЦВК), на якім было разгледжана пытанне аб рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты краіны на прызначаных на 19 снежня гэтага года выбарах. Пра гэта паведамляе карэспандэнт Тэлеграфа.

Агульная колькасць кандыдатаў на пасаду прэзідэнта Беларусі склала 10 чалавек. Імі сталі намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, дзейны кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік саюза «За мадэрнізацыю» Алесь Міхалевіч, лідар грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» Уладзімір Някляеў, намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук, сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі, лідар кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў, кіраўнік аргкамітэту па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікалай Статкевіч, эканаміст Віктар Цярэшчанка, дырэктар прадпрыемства «Трывіум» Дзмітры Ус.

Не прайшоў рэгістрацыю толькі індывідуальны прадпрымальнік з Віцебску Уладзімір Правальскі.

Як адзначыў пры адкрыцці пасяджэння сакратар ЦВК Мікалай Лазавік, выбарчыя камісіі стварылі ўмовы для бесперашкоднай працы ініцыятыўных груп. «Больш за тое, мясцовыя органы ўлады праявілі цярплівасць і стрыманасць нават у тых выпадках, калі члены ініцыятыўных груп выходзілі за рамкі выбарчага заканадаўства. У цэлым, збор подпісаў прайшоў свабодна і дэмакратычна, што дазволіла большасці ініцыятыўных груп пераадолець 100-тысячны бар’ер», — падкрэсліў ён.

Лазавік: парушэнні былі ва ўсіх акрамя Лукашэнкі

Па словах Мікалая Лазавіка, ўсе ініцыятыўныя групы, акрамя групы Аляксандра Лукашэнкі, дапусцілі наступныя парушэнні: фіктыўныя подпісы ад імя няісных асоб, подпісы ад імя розных асобаў, зробленыя адной асобай, подпісы ад асобаў, якія не маюць выбарчага правам, подпісы, сабраныя не членамі ініцыятыўных груп і г.д.

Так за Рыгора Кастусёва здалі 107 тыс. подпісаў, але праверка выявіла 6,3% несапраўдных подпісаў, у выніку ЦВК прызнаў толькі 100,8 тыс. подпісаў. За Аляксандра Лукашэнку здалі 1,1 млн. подпісаў, пры працэнце браку роўным 0,4% (969 подпісаў).

Алесь Міхалевіч здаў 120 тыс., але з-за 6,4% бракаваных подпісаў атрымаў на выхадзе толькі 111 тыс. подпісаў. За Уладзіміра Някляева ЦВК прызнаў 180 тыс. подпісаў з 194 тыс. здадзеных. Яраслаў Раманчук, які здаў 127 тыс. подпісаў, атрымаў на выхадзе 123 тыс. пры 3,5% браку, Віталь Рымашэўскі — 102 тыс. пры 5,9% браку.

Мікалай Статкевіч, які здаў 116 тыс., пры 5% браку атрымаў у выніку — 111 тыс., у Віктара Цярэшчанкі налічылі рэальнымі 109 тыс. з 123 тыс. здадзеных подпісаў (брак — 8,5%).

Адначасова з абвяшчэннем афіцыйных вынікаў збору подпісаў былых прэтэндэнтаў у алфавітным парадку ішоў працэс рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты.

Как вам новость?