Ярмошына: ЦВК можа адмяніць рэгістрацыю кандыдата ў прэзідэнты

18.11.2010 17:11
Архив Редакция

Цэнтральная выбарчая камісія мае права адмяніць рэгістрацыю кандыдата ў прэзідэнты ў выпадку, калі той "злосна парушае выбарчае заканадаўства". Пра гэта 18 лістапада заявіла старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына. Паводле яе слоў, рэгістрацыя кандыдата будзе адменена ў абавязковым парадку, калі пацвердзіцца выкарыстанне ім грашовых сродкаў, прадстаўленых з-за мяжы.

«У іншых выпадках парушэння заканадаўства мы маем права адмяніць рэгістрацыю, але не абавязаны гэтага зрабіць», — цытуе кіраўніцу ЦВК БелаПАН.

Лідзія Ярмошына падкрэсліла, што Цэнтрвыбаркам «будзе максімальна старацца не даводзіць справу да адмены рэгістрацыі кандыдата ў прэзідэнты».

Як раней перадаваў Тэлеграф, 18 лістапада ЦВК зарэгістраваў 10 кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі. Імі сталі намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, дзейны кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік саюза «За мадэрнізацыю» Алесь Міхалевіч, лідар грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» Уладзімір Някляеў, намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук, сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі, лідар кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў, кіраўнік аргкамітэту па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікалай Статкевіч, эканаміст Віктар Цярэшчанка, дырэктар прадпрыемства «Трывіум» Дзмітры Ус.

Как вам новость?