Ярмошына параўнала Правальскага з Астапам Бэндэраам

19.11.2010 09:15
Архив

Індывідуальны прадпрымальнік з Віцебску Уладзімір Правальскі, якому 18 лістапада Цэнтрвыбаркам адмовіў у рэгістрацыі ў якасці кандыдата ў прэзідэнты, заявіў, што будзе абскарджваць гэтае рашэнне ў судзе. Кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына, у сваю чаргу, параўнала прэтэндэнта з Астапам Бэндэрам і нагадала, што ў яго ёсць тры дні для звароту ў Вярхоўны суд.

На пасяджэнні ЦВК Уладзімір Правальскі заявіў, што лічыць дзеянні Першамайскай раённай тэрытарыяльнай камісіі ў горадзе Віцебску перавышэннем паўнамоцтваў. «Прашу даць адказ па сутнасці на наступныя пытанні. Ці правярала ЦВК парадак вылучэння кандыдатам у прэзідэнты Уладзіміра Правальскага? Калі так, то якім дакументам зафіксаваны акт аб гэтай праверцы? Хто з членаў цэнтральнай камісіі праводзіў праверку? Ці складзены па выніках гэтай праверкі акт альбо справаздача?», — адзначыў прэтэндэнт, паведамляе карэспандэнт Тэлеграфа.

Уладзімір Правальскі таксама падкрэсліў, што яго не азнаёмілі з вынікамі праверкі яго справы. «Як я магу цяпер працаваць, рабіць заявы, калі я нават не ведаю, што вы там чыталі, кім яны падпісаны і ці з’яўляюцца яны сапраўднымі дакументамі», — адзначыў прэтэндэнт.

Прадпрымальнік дадаў, што ў яго ёсць акт прыёму-перадачы дакументаў, з якога вынікае, што Уладзімір Правальскі перадаў у Першамайскую камісію горада Віцебску менавіта падпісныя лісты (а не копіі) для збору подпісаў у сваю падтрымку. «Колькасць падпісных лістоў 6,7 тыс., колькасць подпісаў — 108 тыс. падпісала Рамановіч. Абвергнуць гэты дакумент можна толькі працэсуальным спосабам і ў адпаведнасці з заканадаўствам», — сказаў Уладзімір Правальскі.

«У сувязі з гэтым прашу даць мне сёння матываванае рашэнне аб адмове ў рэгістрацыі мяне ў якасці кандыдата ў прэзідэнты, якое я абскарджу неадкладна», — дадаў прэтэндэнт.

«Па-мойму Астап Бэндэр тут адпачывае», — адказала Лідзія Ярмошына. Кіраўніца ЦВК дадала: «Вы сапраўды можаце абскардзіць рашэнне ў Вярхоўны суд на працягу трох дзён, пачынаючы з 18 лістапада. У гэты ж дзень вы зможаце атрымаць копію пастановы Цэнтральнай камісіі, а таксама азнаёміцца з дакументамі, якія леглі ў абгрунтаванне дадзенай адмовы».

Як раней перадаваў Тэлеграф, ЦВК ўстанавіла, што ў падтрымку вылучэння кандыдатам у прэзідэнты Уладзіміра Правальскага сабрана толькі 118 дакладных подпісаў. Большасць падпісных лістоў былі прадастаўлены ў выглядзе копій, таму і не ўлічваліся Цэнтравыбаркамам. Таксама значная колькасць галасоў не была ўлічаны ў сувязі з тым, што агульная колькасць недакладных подпісаў у акрузе перавышала 15%. Аддзел унутраных спраў адміністрацыі Першамайскага раёна Віцебску пачаў праверку па факце падробкі падпісных лістоў у падтрымку вылучэння Уладзіміра Правальскага кандыдатам у прэзідэнты.