Мілінкевіч: апазіцыянеры не вераць у сваю перамогу на выбарах

19.11.2010 12:32
Архив Редакция

Раз'яднаная апазіцыя ставіць на прэзідэнцкіх выбарах сваёй мэтай выжыванне, не спадзеючыся на перамогу, мяркуе лідар Руху «За свабоду» Аляксандр Мілінкевіч. "Калі казаць праўду, практычна ніхто з кандыдатаў не верыць у перамогу. І пры гэтым яны маюць розныя мэты", — адзначыў апазіцыйны палітык.

«У тым, што апазіцыя не аб’ядналася, ёсць вялікі мінус. Гэта азначае дэмабілізацыю грамадства і значна меншы шанец на сур’ёзную вулічную акцыю мірнага пратэсту», — заявіў Аляксандр Мілінкевіч, перадае Deutsche Welle.

Па словах палітыка, былі важкія прычыны, якія перашкодзілі апазіцыі аб’яднацца. «Нельга аб’яднацца, калі ставіш розныя мэты. Вось гэта самае прынцыповае пытанне», — адзначыў Аляксандр Мілінкевіч.

Мілінкевіч: паляпшэнні на выбарах толькі знешнія

«З пункту гледжання вонкавага эфекту на прэзідэнцкіх выбарах значныя змены — няма масавых рэпрэсій, арыштаў, выгнання студэнтаў з універсітэтаў. Подпісы можна было збіраць дзе заўгодна, усюды луналі бел-чырвона-белыя сцягі. Гэта і быў элемент дэмакратыі, і гэта зменшыла страх у краіне», — адзначыў лідар Руху «За свабоду».

«Але адзін з асноўных элементаў выбарчай кампаніі — сумленны падлік галасоў. І з гэтым па-ранейшаму ёсць вялікія праблемы, улада не хоча выконваць умовы элементарнай дэмакратычнасці выбараў. Ёсць такі лозунг: «Лічым галасы разам», але ўлада манапольна прызначае тых, каго яна хацела б бачыць у камісіях, і там адбываюцца асноўныя фальсіфікацыі. Таму я лічу, што выбары ўсё ж не будуць ні свабоднымі, ні справядлівымі, хаця пэўныя пазітыўныя змены ў час збору подпісаў ўсё ж былі», — дадаў Аляксандр Мілінкевіч.

Как вам новость?
Головоломки