Беларусь выдаткуе на будаўніцтва дарог пяць мільярдаў даляраў

19.11.2010 15:55
Архив

На будаўніцтва 500 кіламетраў дарог у Беларусі за пяць гадоў будзе прыцягнута каля пяці мільярдаў даляраў. Пра гэта паведаміў 19 лістапада міністр транспарту і камунікацый Іван Шчэрба. "У будаўніцтва дарог будуць прыцягвацца як крэдытныя рэсурсы беларускіх банкаў, так і замежных", - дадаў кіраўнік ведамства.

Самы вялікі крэдыт у аб’ёме 3,5 млрд. даляраў плануюць атрымаць ад кітайскага Эксімбанка. Паводле слоў Івана Шчэрбы, у бліжэйшыя тры гады ў Беларусі хочуць рэканструяваць усю дарожную сетку да стану першай катэгорыі еўрапейскіх стандартаў. «Гэта вельмі амбіцыйная задача, усе асноўныя аўтамагістралі, якія злучаюць Мінск з абласнымі гарадамі, будуць рэканструяваны», — падкрэсліў міністр, перадае БелТА.

Аўтамагістраль М8 Санкт-Пецярбург — Віцебск — Магілёў — Гомель будзе рэканструявана да 2014-2015 гадоў. Аўтамагістраль М10, якая ідзе з Бранску на Гомель і Пінск, запланаваная да рэканструкцыі на гэты ж перыяд.

Іван Шчэрба таксама паведаміў, што ўжо падрыхтаваны праект крэдытнага пагаднення на будаўніцтва ўчастка дарогі ад Жлобіну да Гомелю. Крэдыт таксама будзе вылучаць Эксімбанк Кітая.

Акрамя таго, 900 млрд. рублёў вылучыў Беларусбанк на будаўніцтва дарогі М4 Мінск — Магілёў працягласцю 102 кіламетры. У 2011-2012 гадах гэты ўчастак на Магілёў будзе цалкам рэканструяваны. Рэканструкцыю аўтамабільнай дарогі на Гомель М5 плануюць рабіць сумесна з французскімі кампаніямі. Па словах міністра, хутчэй за ўсё, яна будзе рэканструявана ў 2013 годзе.

Іван Шчэрба таксама распавёў аб будаўніцтве аўтамабільнай дарогі і чыгункі да будучай АЭС. «Працы вядуцца, у наступным годзе ў першым паўгоддзі плануем завяршыць аўтамабільную дарогу і чыгунку да атамнай электрастанцыі», — дадаў кіраўнік ведамства. Працягласць чыгункі складзе 60 кіламетраў ад Ашмянаў да АЭС.

На гэта вылучаюцца ў асноўным сродкі беларускага бюджэту. Як раней паведамляў Тэлеграф, мінтранс і Сусветны банк 19 лістапада ў Мінску падпісалі Пагадненне аб прадстаўленні Беларусі пазыкі ў памеры 150 млн. даляраў. Сродкі пойдуць на праект «Удасканаленне і мадэрнізацыя аўтамабільнай дарогі».