У Мінску ў Чырвоным касцёле правялі міжканфесійную малітву

19.11.2010 16:45
Архив

У Мінску ў касцёле святых Сымона і Алены 19 лістапада апоўдні прайшла сумесная малітва прадстаўнікоў розных канфесій. Яна паклала пачатак трохдзённаму малітоўнааму Трыдууму, прымеркаванаму да юбілею храма. У гэтым годзе Чырвонаму касцёлу спаўняецца 100 гадоў. У нядзелю, 21 лістапада, у касцёле пройдзе святочная літургія.

Узначаліць літургію апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Марцін Відовіч. Плануецца, што мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч прамовіць казань. На літургію таксама запрошаныя кіраўнік Беларускай праваслаўнай царквы мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, прадстаўнікі дыпламатычных місій хрысціянскіх краін у Беларусі, паведамляе беларуская служба Радыё «Свабода».

Да 100-гадовага юбілею Чырвонага касцёла прымеркаваны і іншыя мерапрыемствы, якія пройдуць на працягу ўсяго года. Так, на 23 лістапада запланавана правядзенне навуковага круглага стала, прысвечанага нацыянальнай ідэі ў паўсядзённым жыцці хрысціяніна.