Цярэшчанка хоча зраўняць курс рубля і даляра

22.11.2010 11:20
Архив Редакция

Кандыдат у прэзідэнты Віктар Цярэшчанка 22 лістапада ў ходзе выступлення на радыё паабяцаў у тры разы знізіць курс даляра. «Мы створым у краіне наймацнейшую нацыянальную валюту, зробім наш беларускі рубель свабодна канвертаваным, ён будзе расце да даляра. Спачатку ён будзе тры рублі за адзін даляр, і за пяць-сем гадоў, а то і раней мы выйдзем да даляра: адзін да аднаго», — запэўніў палітык.

«Каму патрэбен будзе даляр у нашай дзяржаве? Мы станем цывілізаванай краінай, што асэнсавала сакрэт нацыянальных грошай, і рэальна пакажам свету новы эканамічны цуд», — заявіў Віктар Цярэшчанка, перадае БелаПАН.

«Для прадпрымальнікаў і грамадзян» стаўкі па крэдытах будуць «не вышэйшыя за адзін-два, максімум 3% гадавыя», — сказаў палітык. Кандыдат выказаўся за «разумную прыватызацыю, якая будзе адказваць інтарэсам народа і дзяржавы, а не замежных спекулянтаў віртуальнымі валютамі».

Віктар Цярэшчанка таксама паабяцаў зацвердзіць да пачатку чарговага фінансавага года бездэфіцытны бюджэт, аднаўленне права працаўнікоў на ўдзел у прыбытку свайго прадпрыемства, «рацыянальную падатковую сістэму», захаванне цяперашняга пенсійнага ўзросту, неадкладную адмену кантрактаў для «працоўных, інжынерна-тэхнічных працаўнікоў, за выключэннем адказных кіраўнікоў».

Цярэшчанка: выступаю за стратэгічны саюз з братняй Расіяй

Віктар Цярэшчанка падкрэсліў, што не з’яўляецца «апазіцыйным дзейнаму прэзідэнту кандыдатам». «Я таксама за моцную і квітнеючую Беларусь, але і яшчэ за стабільную Беларусь, і абавязкова ў стратэгічным саюзе з братняй Расіяй — сёння, заўтра і на стагоддзі», — адзначыў палітык.

Акрамя таго Віктар Цярэшчанка ўваходзіць у аргкамітэт Руху «За Саюз Беларусі і Расіі», які 18 лістапада ў Мінску прыняў свой маніфест. «У выніку непрадуманых і вузкакарыслівых дзеянняў некаторых палітыкаў аўтарытэту Рэспублікі Беларусь, Расійскай Федэрацыі, і самой ідэі аднаўлення Саюзнай дзяржавы на постсавецкай прасторы нанесены каласальныя страты. Беларусь перастала ўспрымацца ў Расіі як надзейны саюзнік, на якога можна спадзявацца пры любых абставінах, а беларусы пачалі з насцярожанасцю глядзець на Расію», — адзначаюць складальнікі маніфесту, перадае ІА REGNUM.

«Адзінства нашых народаў — залог развіцця нашых краін у XXI стагоддзі. Размежаванне і адасабленне — дакладны шлях да эканамічнага заняпаду, культурнай і палітычнай дэградацыі. Дапусціць гэта — значыць аддаць запавет бацькоў і дзядоў аб адзінстве Русі», — адзначаюць актывісты Руху.

Акрамя Віктара Цярэшчанкі ў арганізацыю ўвайшоў таксама кіраўнік ВГА «Рускі дом» Андрэй Герашчанка, які заяўляў, што беларускі народ з’яўляецца часткай расійскага, раздзелены «з Вялікай Расіяй з прычыны геапалітычных узрушэнняў канца XX стагоддзя». Беларуская ж мова, на яго думку, была штучна створана толькі ў пачатку 20-га стагоддзя.

Как вам новость?