Лукашэнка гатовы знізіць фінансаванне закупак зброі для арміі

22.11.2010 16:13
Архив

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 22 лістапада прыняў удзел у нарадзе па пытанні далейшага развіцця Узброеных Сіл, фінансавання другога этапу (2011-2015) Дзяржаўнай праграмы ўзбраення на 2006-2015 гады. Па словах кіраўніка дзяржавы, не выключана карэкціроўка фінансавання гэтай дзяржпраграмы.

Як адзначыў беларускі лідар, на эканоміцы краіны адбіўся фінансава-эканамічны крызіс. «Не выключана, што нам давядзецца нешта карэктаваць. Скажу шчыра: ваенныя займаюць цвёрдую, неадступную пазіцыю, а ўрад эканамічна абгрунтоўвае сваю пазіцыю. Але да адзінага меркавання не прыйшлі, і цяпер неабходна прыняцце пэўнага рашэння. Давайце паспрабуем прымаць рашэнні, але будзем зыходзіць з рэалій, якія сёння існуюць», — цытуе Аляксандра Лукашэнку БелТА.

«Калі ў нас ёсць найменшая магчымасць выканаць той вялікі план фінансавання дзяржаўных ваенных праграмаў, то мы іх павінны выконваць. Калі ў нас сёння штосьці не складваецца, то мы пра гэта павінны канкрэтна і шчыра казаць, прызнаючы гэта, зыходзячы з таго, што ў нас ёсць у наяўнасці», — падкрэсліў прэзідэнт і дадаў, што «гэта вельмі важна».

Разам з тым, як заявіў кіраўнік дзяржавы, у Беларусі ёсць міжнародныя абавязанні перад Расіяй, у якой «сёння на заходнім накірунку практычна нічога няма», у сувязі з чым Масква, па яго словах, «разлічвае на беларускія Узброеныя Сілы».

«І яна мае права на гэта разлічваць, якія б ні былі ў нас з імі палітычныя бязладзіцы. Я думаю, што гэта праходзіць, і мы ўсё ж такі павінны свае функцыі выконваць. Таму, зыходзячы з таго, што ў нас ёсць міжнародныя абавязацельствы, мы павінны планаваць ўзбраенне для беларускага войска», — сказаў на заканчэнне беларускі лідар.