Саннікаў лічыць заключэнне экспертаў АБСЕ аб смерці Бябеніна неаб'ектыўным

23.11.2010 18:29
Архив Редакция

Заключэнне экспертаў АБСЕ па справе аб гібелі журналіста Алега Бябеніна неаб'ектыўнае. Такое меркаванне выказаў кандыдат у прэзідэнты Беларусі, лідар кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў, у камандзе якога працаваў загінулы. «Эксперты даследавалі паперы адной версіі і не мелі магчымасці даследаваць саму справу», — заявіў апазіцыйны палітык.

«Таму я лічу, што гэта зноў пачынаюцца нейкія палітычныя гульні, пра якія мы, напэўна, хутка даведаемся. Я буду займацца расследаваннем, таму што гэта мой абавязак, і я ўпэўнены, што расследаванне будзе праведзена», — сказаў Андрэй Саннікаў, перадае БелаПАН.

Як адзначыў кандыдат у прэзідэнты, эксперты наведвалі месца здарэння, але, па яго звестках, знаходзіліся там каля 15 хвілін. «Чамусьці ў справаздачы не гаворыцца, што месца здарэння не было апячатана ў ноч, калі выявілі цела, ніякіх дадатковых экспертыз не праводзілася. Гэта значыць тут ідзе версія, якую мы чулі ад афіцыйных крыніцаў», — дадаў Андрэй Саннікаў.

Па словах кандыдата ў прэзідэнты, асабіста ён з экспертамі не меў зносінаў, але сябры і калегі, якія гутарылі з экспертамі, казалі аб сваіх сумневах адносна афіцыйнай версіі смерці Алега Бябеніна. «Але гэта таксама не адлюстравана ў заключэннях», — заўважыў палітык.

Як раней перадаваў Тэлеграф, эксперты АБСЕ, якія займаліся незалежным расследаваннем смерці беларускага журналіста Алега Бябеніна, прыйшлі да высновы, што журналіст скончыў жыццё самагубствам. Як паведамілі 23 лістапада ў АБСЕ, вывучаныя матэрыялы не даюць падстаў сумнявацца ў дакладнасці вынікаў афіцыйнага расследавання.

Как вам новость?
Головоломки