Міністэрства фінансаў Беларусі прыняло рашэнне перанесці на нявызначаны тэрмін пачатак запланаванага размяшчэння ў Расіі першага траншу рублёвых дзяржаблігацый на сем мільярдаў расійскіх рублёў. Адпаведны загад 23 лістапада 2010 года падпісаў міністр фінансаў Беларусі Андрэй Харкавец.
Як раней перадаваў Тэлеграф, Беларусь планавала ў лістападзе 2010 года размясціць на рынку Расіі аблігацыі на сем мільярдаў расійскіх рублёў. Пра гэта паведаміў 21 кастрычніка начальнік галоўнага упраўлення міжнародных фінансавых адносін і дзяржаўнага доўгу міністэрства фінансаў Беларусі Андрэй Смольскі.
Летам 2010 года Беларусь размясціла еўрааблігацыі коштам 600 млн. даляраў пад 9% тэрмінам на пяць гадоў. А 23 лістапада Прэзідыум Савета міністраў Беларусі ўхваліў размяшчэнне беларускіх дзяржаўных аблігацый на азіяцкіх рынках на суму не менш за 500 млн. даляраў.