Германія хоча ўдзельнічаць у стварэнні новага тэхнапарка ў Беларусі

25.11.2010 11:43
Архив Редакция

Старшыня прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук (НАН) Беларусі Сяргей Рахманаў 24 лістапада заявіў, што Нямеччына выказала зацікаўленасць у стварэнні новага тэхнапарка ў Беларусі. Такую ідэю бакі абмяркоўвалі ў часе Беларускага інвестыцыйнага форуму ў Франкфурце-на-Майне ў Нямеччыне. Пакуль праект ніяк дакументальна не аформлены, патрэбныя дадатковыя абмеркавання.

«У Беларусі ўжо працуе Парк высокіх тэхналогій, які займаецца інфармацыйнымі тэхналогіямі. Нямецкія калегі прапаноўваюць займацца праектамі ў іншых кірунках», — растлумачыў Сяргей Рахманаў.

Усяго ж на інвестыцыйным форуме ў Германіі НАН Беларусі прадстаўляла чатыры інвестыцыйныя праекты на агульную суму больш за 60 млн. еўра. Першы праект тычыўся сумеснай вытворчасці ў Беларусі святлодыёднай тэхнікі. У ходзе перамоваў былі ўсталяваныя кантакты з некаторымі нямецкімі фірмамі па праекце. «Хоць мы і ў стане рэалізаваць яго сваімі сіламі, гатовыя прыцягнуць у праект інвестараў», — сказаў Сяргей Рахманаў.

Другі праект тычыўся стварэння сумеснага прадпрыемства для рэалізацыі тэхналогіі радыёчастотнай ідэнтыфікацыі аб’ектаў, а таксама стварэння на яе аснове інтэлектуальных дакументаў і сістэмаў маніторынгу таварапатокаў. Сяргей Рахманаў перакананы, што гэтыя інавацыі ў найбліжэйшы час будуць шырока выкарыстоўвацца ва ўсім свеце, у тым ліку ў транспартна-лагістычнай сферы, перадае БелТА.

Трэці праект, прадстаўлены беларускімі спецыялістамі на форуме ў Германіі, прадугледжвае стварэнне сумеснай вытворчасці ультрафільтрацыйнных мембранаў для энергазберагальных тэхналогій ачысткі вады. Яшчэ адзін праект тычыўся вытворчасці палімерных кампазіцыйных матэрыялаў. Па словах прадстаўніка беларускай акадэміі навук, Беларусь мае намеру пашыраць сферу выкарыстання гэтых тэхналогій і прасоўваць іх на знешнія рынкі.

НАН: Беларусь разлічвае на фінансаванне Сбербанка Расіі па інавацыйных праектах

Сяргей Рахманаў таксама распавёў, што на форуме ў Германіі Беларусь абмяркоўвала перспектывы супрацоўніцтва па інавацыйных праектах са Сбербанкам Расіі. Беларусь разлічвае, што банк прыме актыўны ўдзел у праектах. Перамовы таксама вяліся з Альфабанкам, які праявіў зацікаўленасць у рэалізацыі праектаў па стварэнні высокатэхналагічных вытворчасцяў на постсавецкай прасторы, у тым ліку ў Беларусі.

Прадстаўнік НАН Беларусі таксама звярнуў увагу на дасягнутыя дамоўленасці беларускага боку з нямецкай кампаніяй Enertrag аб пастаўцы святлодыёдных прыладаў для асвятлення ветраўстановак. Серей Рахманаў паведаміў, што адпаведнае пагадненне аб двухбаковым партнёрстве плануецца падпісаць у Мінску ў найбліжэйшы час.

Как вам новость?