ААН выдзеліць Беларусі мільён даляраў на барацьбу з хатнім гвалтам

25.11.2010 17:27
Архив

Траставы фонд ААН вылучае 1 млн. даляраў на рэалізацыю ў Беларусі сумеснага праекту па барацьбе з хатнім гвалтам. Праграма разлічана на тры гады. Цяпер абмяркоўваецца фармат яе выканання і рэгістрацыі. Пра гэта паведаміла 25 лістапада кіраўніца тэматычнай групы ААН у Беларусі па пытаннях гендэру Таццяна Гаплічнік і дадала, што старт праекту будзе дадзены ўжо ў 2011 годзе.

Агенцтвамі-выканаўцамі гэтага новага праекту міжнароднай тэхнічнай дапамогі стануць Фонд ААН у галіне народанасельніцтва (ЮНФПА), Дзіцячы фонд ААН (ЮНІСЕФ) і Міжнародная арганізацыя па міграцыі (МАМ), перадае БелТА.

«Праект распрацоўваўся ў рамках тэматычнай групы ААН у Беларусі па пытаннях гендэру на працягу двух гадоў. Заяўка была пададзеная ў адпаведны траставы фонд ААН, грант ухвалены з другой спробы. Праект будзе ажыццяўляцца ў партнёрстве з МУС, мінпрацы і сацабароны, іншымі міністэрствамі і ведамствамі, грамадскімі арганізацыямі», — патлумачыла Таццяна Гаплічнік.

Праект прадугледжвае распрацоўку дадатковых механізмаў міжведамаснага ўзаемадзеяння па прадухіленні сямейнага гвалту, удасканаленні нацыянальнага заканадаўства па прафілактыцы гэтай сацыяльнай з’явы, а таксама навучанні спецыялістаў.