Генпракуратура абяцае пакараць вінаватых у выбуху на "Пінскдрэве"

26.11.2010 11:57
Архив Редакция

Генеральны пракурор Беларусі Рыгор Васілевіч 25 лістапада заявіў, што вінаватыя ў выбуху і пажары на прадпрыемстве "Пінскдрэў-ДСП" панясуць заслужанае пакаранне. "У выніку гэтай трагедыі два чалавекі загінулі на месцы, яшчэ 12 памерла ў лякарнях, і тое, што вінаватыя будуць, — гэта факт", — заявіў Рыгор Васілевіч.

Генпракурор паведаміў, што ў цяперашні час следчая група Генеральнай пракуратуры працягвае расследаванне па факце здарэння ў Пінску. Якія-небудзь папярэднія высновы генпракурор пакуль адмовіўся называць. Аднак ён падкрэсліў, што «маштабы трагедыі сведчаць аб грубых парушэннях тэхналагічнай дысцыпліны, неналежным забеспячэнні тэхнічнай бяспекі, аховы працы», перадае БелТА.

«Ужо цяпер мы бачым, што былі парушэнні пажарнай бяспекі: неаднаразова здараліся пажары, якія тушыліся ўласнымі сіламі. Гэта былі званкі, да якіх трэба было прыслухацца і прыняць меры», — паведаміў Рыгор Васілевіч.

Тэрмінаў заканчэння следчых мерапрыемстваў генпракурор не назваў. Паводле яго слоў, расследаванне дастаткова складанае, бо неабходна праверыць вельмі шмат дакументаў. Рыгор Васілевіч запэўніў, што гэтай справе надаецца самая пільная ўвага.

Як раней паведамляў Тэлеграф, выбух і пажар ў цэху па вытворчасці драўнянастружкавых пліт СТАА «Пінскдрэў-ДСП» адбыўся 25 кастрычніка 2010 года. У выніку здарэння 22 супрацоўніка прадпрыемствы атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці, з іх 14 чалавек загінулі. Папярэдняй прычынай здарэння называюць выбух пылапаветранай сумесі на ўчастку вытворчасці драўняна-паліўных гранул і наступны выбух у галоўным корпусе завода. 1 лістапада члены назіральнага савета ЗАТ «Холдынгавая кампанія «Пінскдрэў» пастанавілі выплаціць сем’ям загінулых па 100 млн. рублёў кожнай, пацярпелым — па 50 млн. рублёў.

Пракуратура Берасцейскай вобласці распачала крымінальную справу па факце выбуху па ч.2 арт.302 УК РБ (парушэнне правілаў бяспекі на выбуханебяспечным прадпрыемстве), якую пасля перадалі ў Генпракуратуру.

Как вам новость?