Раманчук паабяцаў звольніць Зімоўскага

29.11.2010 10:01
Архив

Кандыдат у прэзідэнты ад Аб'яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук 26 лістапада на сустрэчы з жыхарамі Баранавічаў паабяцаў звольніць старшыню Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Беларусі Аляксандра Зімоўскага. «Калі людзі столькі часу хлусілі, імітавалі свабоду слова, яны не павінны працаваць у новай вольнай дэмакратычнай краіне», - лічыць кандыдат у прэзідэнты.

Адна з прысутных на сустрэчы з кандыдатам жыхарка Баранавічаў адзначыла, што людзі стаміліся глядзець і сулхаць толькі аднабаковую падачу інфармацыі з боку дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі, перадае Intex-press.

У сваю чаргу Яраслаў Раманчук пагадзіўся з выбаршчыцай, падкрэсліў, што ў Беларусі няма свабоды СМІ. Па словах кандыдата, гэта прызнаецца, у тым ліку, і міжнароднымі назіральнікамі.

«Сёння быў праведзены і аналіз тэлевізійных праграмаў, і аказалася, што ўказанне аднаго кандыдата ў 12,5 тыс. разоў больш, чым усіх астатніх разам узятых. Я лічу, гэта няправільна. Натуральна, гэта абы-што, таму што нават з карупцыяй без свабоды СМІ нічога не зробіш. Таму спадар Зімоўскі безумоўна не застанецца на сваёй працы. Пазбавяцца сваёй працы кіраўнікі ўсіх дзяржаўных тэлеканалаў, радыёстанцый і газет», — заявіў Яраслаў Раманчук.