Цярэшчанка мае намер размясціць свой партрэт на новай валюце Беларусі

29.11.2010 12:57
Архив Редакция

Выступаючы раніцай 29 лістапада ў эфіры Беларускага радыё, кандыдат у прэзідэнты Віктар Цярэшчанка заявіў аб тым, што ў выпадку, калі яго абяруць прэзідэнтам, ён мае намер правесці грашовую рэформу і змясціць свой партрэт на купюры наміналам адзін рубель. Паводле слоў кандыдата, зроблена гэта будзе, каб народ паверыў у магчымасці Беларусі і ў нацыянальны рубель.

Віктар Цярэшчанка падкрэсліў, што ён мае намер зрабіць гэта «не для таго, каб красавацца, а каб кожнаму з вас, грамадзяне суверэннай Беларусі, глядзець штодня ў вочы, падпісаўшыся пад словамі «Беларускі рубель — самая надзейная валюта».

«Не ўсе яшчэ распрададзена ў нашай краіне іншаземцам. Мы забяспечым нашыя грошы нацыянальным здабыткам, а менавіта акцыямі тых прадпрыемстваў, якія ўжо намецілі ва ўрадзе да распродажу за даляры. Гэта значыць, мы ўвядзем наш новы рубель 100% забяспечаным, увядзем свабодна канвертоўным з пачатковым курсам тры рублі за адзін даляр. Урад краіны і Нацыянальны банк прашу ўжо рыхтавацца да гэтага», — заявіў кандыдат.

У сваім другім выступе па радыё Віктар Цярэшчанка паўтарыў большасць тэзісаў, агучаных у папярэдніх зваротах па радыё і тэлебачанні, у тым ліку, аб пагрозе новай дэвальвацыі рубля, росце знешняй запазычанасці краіны, нястрымны рост цэнаў.

Цярэшчанка: прэзідэнт не будзе кіраваць прадпрыемствамі

Кандыдат у прэзідэнты паабяцаў, што ў будучыні кіраваць прадпрыемствамі будзе не прэзідэнт, а кампетэнтныя спецыялісты — дырэктары прадпрыемстваў, падкантрольныя сваім кіраванням, працоўным калектывам і заканадаўству.

Віктар Цярэшчанка таксама заявіў, што ён плануе актыўна выкарыстоўваць у сваёй працы Нацыянальную платформу бізнэсу і канцэпцыю комплекснай мадэрнізацыі краіны, распрацаваныя Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва. Акрамя таго кандыдат паабяцаў кампенсаваць за два гады страту грошай на «гарбачоўскіх ашчадных укладах і па аблігацыях дзяржаўнай беспрацэнтнага пазыкі 1990 года».

Как вам новость?
Головоломки