У Бялынічах на актывістаў Кастусёва склалі пратакол

29.11.2010 13:21
Архив Редакция

У Бялынічах Магілёўскай вобласці 28 лістапада мясцовыя ўлады перашкодзілі правядзенню агітацыйнага пікету кандыдата ў прэзідэнты ад Партыі БНФ Рыгора Кастусёва. Супрацоўнікі міліцыі і прадстаўнікі раённай адміністрацыі абвінавацілі кандыдата ў незаконным пікетаванні, склалі на ўдзельнікаў пікету пратакол і блакавалі аўтамабіль Рыгора Кастусёва.

Давераная асоба кандыдата ў прэзідэнты Дзмітры Салаўёў паведаміў, што пікет пачаўся ў 15:00. Праз гадзіну прыехалі супрацоўнікі міліцыі, прадстаўнікі мясцовых уладаў, заблакавалі машыну кандыдата і склалі пратакол аб парушэнні парадку правядзення масавых мерапрыемстваў. Ніхто з удзельнікаў пікету затрыманы не быў, перадае БелаПАН.

Па словах даверанай асобы кандыдата, на працягу паўгадзіны Рыгор Кастусёў не мог пакінуць месца правядзення пікету, хаця па графіку ў яго былі намечаны яшчэ дзве сустрэчы. У той жа час Дзмітры Салаўёў не змог сказаць, на каго канкрэтна міліцыянты склалі пратакол. «Яны склалі пратакол у адным экзэмпляры, у кішэню паклалі і пайшлі», — растлумачыла давераная асоба Рыгора Кастусёва.

Назіральнік у выбарчай камісіі ў Бялынічах Барыс Вырвіч паведаміў, што правядзенне агітацыйных пікетаў у горадзе дазволена паўсюль, за выключэннем спецыяльна абумоўленых месцаў. Пляцоўка каля універсама «Ластаўка», дзе Рыгор Кастусёў праводзіў пікет, па словах назіральніка, у лік забароненых не ўваходзіць.

Как вам новость?