Сямашка і Сечын правядуць перамовы па пошлінах на нафту

29.11.2010 15:29
Архив

Намеснік міністра фінансаў Расіі Сяргей Шаталаў 29 лістапада на Расійскім эканамічным і фінансавым форуме ў Германіі паведаміў, што Расія і Беларусь на гэтым тыдні правядуць перамовы па памеры экспартных пошлінаў на нафтапрадукты. Паводле слоў намесніка міністра фінансаў РФ, перамовы пройдуць на ўзроўні віцэ-прэм'ераў Беларусі і Расіі Уладзіміра Сямашкі і Ігара Сечына.

«Я думаю, на гэтым тыдні будуць перамовы на ўзроўні Сямашка — Сечын. Калі здолеюць дамовіцца, значыць, мы будзем у высокай ступені гатоўнасці», — сказаў Сяргей Шаталаў.

Пры гэтым намеснік міністра таксама растлумачыў, што пакуль застаецца не вырашаным пытанне аб нафце, якая здабываецца ў Беларусі, — ці ідзе яна на ўнутраны рынак ці можа выкарыстоўвацца для вытворчасці экспартаваных нафтапрадуктаў, перадае РИА «Новости».

«Гэта праблемы замяшчэння: Беларусь альбо сама спажывае гэтую нафту, і тады ўсё, што робіцца з расійскай нафты, ідзе на знешні рынак. Альбо яны замяшчаюць беларускую нафту і за кошт расійскай робяць нафтапрадукты, якія ідуць на ўнутраны рынак, а экспартуюць беларускія нафтапрадукты», — адзначыў Сяргей Шаталаў.
 
Пры гэтым намеснік міністра фінансаў Расіі падкрэсліў, што кошт пытання для Расіі складае прыкладна мільярд даляраў.